Культурная сталіца Беларусі - Наваполацк - гатовы да творчага марафона

3 Студзеня 2018

Гэты год стане для горада юбілейным - 60 гадоў райцэнтр адзначыць у сярэдзіне чэрвеня. Культурныя праекты аб'яднаюць творчыя калектывы і музеі. Падрабязней - Марына Раманоўская.

Сфатаграфавацца з вядомымі спартсменамі, пабываць на школьных занятках, знайсці сваю вуліцу, і нават вокны кватэры на дакладнай копіі горада ў мініяцюры. Гэта толькі невялікі фрагмент інтэрактыўнай экскурсіі ў музеі гісторыі і культуры Наваполацка. Сёлета музейшчыкі абяцаюць прыадкрыць і таямніцы фондаў сховішча.

Спорт, прамысловасць, адукацыя. Галоўны герой экспазіцыі - чалавек. Хутчэй за ўсё, асаблівае месца ў музейных залах зоймуць і фатаграфіі, зробленыя сёлета, якія распавядуць аб Наваполацку, як аб культурнай сталіцы Беларусі.

Наваполацк гатовы да культурнага марафона. У горадзе стартуе адразу некалькі маштабных праектаў. Сімвалічна, што 2018-ты для горада нафтавікоў - юбілейны. Наваполацку спаўняецца 60-т.

Мерапрыемствы пройдуць пад дэвізам дружбы. У культурных праектах будуць удзельнічаць і гарады-пабрацімы. Іх у Наваполацка - два дзясяткі.

Акцэнт - на нацыянальны каларыт. Народныя песні ў выкананні тэатра "Субатэя", расказвае кіраўнік калектыву Кацярына Фядотава, не раз гучалі за мяжой. Сёлета артысты плануюць дбайна папрацаваць над рэпертуарам. Тым больш, што падстаў гучна заявіць аб сабе, адразу некалькі. У тым ліку і юбілей самога калектыву.

Наваполацк стаў дзявятым горадам, якому прысвоены статус культурнай сталіцы Беларусі. Вялікую стаўку ў маладым горадзе робяць менавіта на моладзевыя калектывы. Для іх гэты год - выдатная магчымасць загучаць па-новаму. 


Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя