Культурная сенсацыя, або код Хруцкага

23 мая 2016

У Год культуры культурная сенсацыя ў Полацку. Упершыню шырокай публіцы паказалі зноў здабытае палатно беларускага жывапісца, выпускніка Полацкага піарскага вучылішча Івана Хруцкага. На карціне - незавершаны партрэт Адама Міцкевіча. Палатно знайшлі шэсць гадоў таму. Каб устанавіць аўтарства, палатно правялі праз шэраг экспертыз. Карціна захоўвае шмат загадак. На адваротным баку ёсць яшчэ два малюнкі: нацюрморт і схаваны пад ім партрэт незнаёмкі. Вольга Маслоўская ўбачыла ў гэтым амаль дэтэктыўны сюжэт.

У Полацкай мастацкай галерэі - выстава адной карціны. Шырокай публіцы паказалі палатно Івана Хруцкага. Карціна, пра існаванне якой нават не падазравалі. Пераняўшы ў спадчыну карціны Ядзвігі Мацяеўскай, праўнучкі знакамітага жывапісца, мастацтвазнаўцы і не думалі, што сярод сямісот работ на тэму савецкіх будоўляў знойдуць арыгінал Хруцкага.

Перш чым здагадка стала фактам, прайшло шэсць гадоў. Палатно правялі праз некалькі экспертыз. Апынулася, што выяўленая карціна дубліруе вядомы партрэт Міцкевіча аўтарства Хруцкага. Палатно знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Мяркуюць, што полацкі партрэт быў напісаны раней, але з нейкіх прычын не спадабаўся свайму стваральніку.

Спадчына Івана Хруцкага дагэтуль спараджае шмат спрэчак і версій. Роўна як і жыццё загадкавага мастака. Модны і запатрабаваны майстар нацюрморта, ён у росквіце творчых сіл пакідае сталічнае жыццё.

Ва ўзросце 34 гадоў мастак пераязджае з Санкт-Пецярбурга ў Полацкую губерню. Тут набывае сядзібу Захарнічы. Дом Хруцкіх стаяў на гэтым месцы. Пачынаецца беларускі, найменш вывучаны, перыяд у творчасці жывапісца.

Вядома, што Хруцкі шмат піша на заказ, а яшчэ будуе сядзібу, гуляе ў кракет і займаецца земляробствам.

Магчыма, яблыкі з саду ў Захарнічах намаляваныя на адваротным баку знойдзенай у Полацку карціны. Пад нацюрмортам рэнтгенаграма выявіла яшчэ і партрэт незнаёмкі. Тры карціны ў адной. Прыгожы прыём для дэтэктыўнага рамана і цалкам рэальныя загадкі, якія яшчэ чакаюць разгадкі.