Лялечны спектакль, на які не пускаюць дзяцей

19 сентября 2014
Лялечны спектакль, на які не пускаюць дзяцей. Сёння ў Мінску адбылася прэм'ера інтрыгуючай пастаноўкі Тарцюф для публікі 18+. Спектакль паводле твора Жана-Батыста Мальера адкрыў 77-ы сезон Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Чаму гэтым вечарам у тэатральную залу не пусцілі юных гледачоў, раскажа Іна Пілевіч.

Клеант курыць бутафорскую цыгарэту, Тарцюф раз-пораз распускае паралонавыя рукі, а сінтэтычныя Эльміра і Мар'яна адкрыта дэманструюць цела. Персанажы легендарнай камедыі Мальера паказаныя на сцэне з усімі чалавечымі заганамі. Таму на прэм'еру спектакля Тарцюф гледачоў пускаюць толькі па пашпарце. Лялечнае відовішча для паўналетніх.


Недзіцячым спектакль лічыцца і з-за сваёй працягласці. Тарцюф - пастаноўка на 100 хвілін. Так доўга юныя гледачы проста не ўседзяць у крэслах. Для параўнання: спектаклі для дзяцей традыцыйна ўкладваюцца ў адну гадзіну і ідуць не ў вячэрні, а ранішні і абедзенны час.


У галоўнага героя-ашуканца і знешнасць падманлівая. Тарцюф носіць беласнежнае адзенне, а чароўную ўсмешку яму забяспечваюць зубы з жамчужных гузікаў. Іранічны выгляд характэрны для ўсіх персанажаў спектакля. Лялькі зробленыя з паралону, без ног і маюць дублёра. У залежнасці ад сітуацыі героі з'яўляюцца на сцэне то ў буйным, то ў паменшаным выглядзе.


Усе персанажы спектакля Тарцюф адносяцца да сістэмы планшэтнай лялькі. Гэта значыць, што яны ўсталёўваюцца на спецыяльную дошку і кіруюць імі адкрыта.


Змест п'есы, якой, дарэчы, сёлета спаўняецца 350 гадоў, не змяніўся. Хітры Тарцюф выдае сябе за святошу, уціраецца ў давер да заможнага Аргона і выкарыстоўвае сітуацыю з карыслівымі мэтамі. Дарэчы, за адлюстраванне людскіх заганаў пакутаваў сам Мальер. П'есу палічылі абразлівай і забаранілі.


Тарцюф стаў шостым спектаклем Тэатра лялек для дарослых. У гэтым сезоне трупа рыхтуе яшчэ тры прэм'еры, але яны разлічаныя на свайго галоўнага гледача - дзяцей. Хаця гісторыя лялечнага тэатра пачыналася з дарослых спектакляў.