25 ноября 2017

У лялькі могуць гуляць не толькі дзеці, але і дарослыя. Стварэнне інтэр’ерных цацак - займальны працэс. Да кожнага вобраза індывідуальны падыход. У такія лялькі ўкладваецца душа майстра, а ручная праца высока цэніцца сярод калекцыянераў усяго свету. Вікторыя Патоня зазірнула ў лялечныя майстэрні Брэста.

Гэты пакой у сям'і Аніскевіч называюць чароўным. Бо менавіта тут з палімернай гліны, кавалачкаў тканіны, тасьмы і фарбаў нараджаюцца аўтарскія лялькі. У кожнай цацкі свая душа і настрой, упэўнены майстар. Таму акцэнт пры стварэнні вобраза робіць на вочы. За 7 гадоў стварыла больш за сотню лялек, шматлікія з іх упрыгожваюць інтэр'еры ў Польшчы, Расіі, Германіі, Італіі і ЗША.

Будуарная, на шарнірах, тэкстыльная. Майстар валодае рознымі тэхнікамі стварэння лялек. Зараз захапілася рэпейтынгам - перарабляе фабрычных Барбі. Кардынальна змяняе цацкам знешнасць і шые адзенне.

Гаспадыня гэтай кватэры для стварэння прац сваімі рукамі нават адвяла асобны пакой. У хатняй калекцыі тэкстыльныя лялькі, папулярныя ва ўсім свеце. А гэтым персанажам пашанцавала больш за ўсё: яны прапісаліся ва ўласным доме.

Першую ляльку Алена Раўнейка пашыла 4 гады таму. Тады іголка і нітка ў руках падзейнічалі як лепшыя лекі. Жанчына была прыкаваная да пасцелі. Але творчасць дапамагла ўстаць на ногі і дала магчымасць рабіць падарункі. Ад самай простай лялькі Тыльды Алена перайшла да складаных тэхнік. Зараз асвойвае пашыў мішак Тэдзі, дзе ўсе часткі цела круцяцца на 360 градусаў.

Галоўныя памочнікі і самыя строгія крытыкі кожнага майстра - гэта іх дзеці. Яны зусім не супраць, што мамы дагэтуль гуляюць у лялькі.