Хто прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2019", даведаемся ўжо сёння

7 марта 2019

Усе фіналісты пабывалі на сцэне падчас індывідуальных рэпетыцый напярэдадні. А ў гэтыя хвіліны ў Белтэлерадыёкампаніі праходзіць генеральны прагон фінальнага гала-канцэрта. Шоу стане вырашальным для аднаго з дзесяці фіналістаў нацыянальнага адбору.

Пераможца прадставіць нашу краіну на песенным конкурсе ў Тэль-Авіве. Што адбываецца ў студыі "600 метраў" прама зараз, раскажа наш карэспандэнт Дар'я Тарасава (прамое ўключэнне). Гэта той самы момант, калі ў фіналістаў няма магчымасці сказаць слова "стоп". Генпрагон - гэта фактычна рэпетыцыя прамога эфіру шоу. І не толькі для кожнага артыста, але і для ўсёй здымачнай групы праекта.

Такой маляўнічай карцінкі гледачы яшчэ не бачылі, і справа не толькі ў святлодыёдных падлогах і яркіх сафітах. Сёлета фактычна ўсю плошчу студыі "600 метраў" займае сцэна. Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору ў тэлепавільёне на Макаёнка, 9 зрабілі подыумы, якія дазволяць артыстам напрамую ўзаемадзейнічаць з танцпляцоўкай. Раскрыю сакрэт: журы, якое сёлета і выбера прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанне-2019", на працягу ўсяго шоу таксама будзе знаходзіцца на сцэне з артыстамі. Пляцоўка нацыянальнага адбору распрацавана па праекце Галіны Гоманавай, мастака-пастаноўшчыка Белтэлерадыёкампаніі, якая стварыла сцэну для дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску.

Недалёка ад тэлепавільёна размешчаны і грын-рум. Менавіта з гэтага пункта фіналісты нацыянальнага адбору будуць сачыць за выступленнямі сапернікаў і чакаць вынікаў шоу. Тут для ўдзельнікаў абсталявана спецыяльная зона з экранам, на якім будзе транслявацца тое, што адбываецца ў студыі.

Ну а я хачу нагадаць, што прамую трансляцыю гала-канцэрта ў 22 гадзіны пачнуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Назіраць за шоу можна будзе і анлайн на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by.