Крупскія майстры рыхтуюцца да рэспубліканскага творчага конкурсу

17 января 2019

Казачныя сюжэты і сонечныя букеты з саломкі, а таксама касцюмы з аўтэнтычнымі ўзорамі. Крупскія майстры рыхтуюцца да рэспубліканскага творчага конкурсу. Мастацтва, здаўна распаўсюджанае ў Крупскім краі, аднаўляюць у мясцовым доме рамёстваў. У саламяных вырабах увасабляюць музычныя інструменты, жывёл, ствараюць і аўтарскія аксэсуары. Тут жа і незвычайнае атэлье – пры дапамозе старажытнага ткацкага станка мадэлююць паясы і рушнікі з нацыянальным каларытам.

А ўвасабляць прыгажосць прыроды ў метале вучаць у Вілейскім раёне. Майстар мастацкага кавання Васіль Капцюг са стальных лістоў стварае вытанчаныя кветкі, прадметы дэкору і мэблі. Творчыя ідэі знаходзіць на вілейскай зямлі – у цвёрдым матэрыяле імкнецца адлюстраваць беларускія пейзажы.

Наведвальнікі Дома рамёстваў спасцігаюць і мастацтва глінянай лепкі, а візітнай карткай Вілейскага раёна сталі майстар-класы па ўпрыгожванні велікодных яек.