Буйныя музеі Мінска гэтымі днямі прапаноўваюць тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя роднаму гораду

17 сентября 2020
Нацыянальны гістарычны музей дэманструе адзінкі з фондасховішча – факсіміле жывапісу і графікі вядомых беларускіх мастакоў. 

Рэтраспектыву толькі ўжо ў арыгінальных палотнах, а таксама керамічных творах зрабілі ў музеі "Лошыцкая сядзіба". Ніна Мажэйка  пра культурную спадчыну. 

Мінск, якім вы яго не ўбачыце на паштоўках. Самае вялікае фондасховішча краіны - Нацыянальны гістарычны музей - адкрыла свае архівы спецыяльна да Дня горада. Жывапіс і графіка  дванаццаці вядомых аўтараў. У фокусе мастацкага пошуку, вядома, сталіца ў розныя эпохі. Эксклюзіў ад хрэстаматыйнага аўтара пачатку ХХ стагоддзя – Меера Аксельрода. У мінулым майстар плакатнага жанру  маляваў Мінск з гіпербалізаванай дэталізацыяй. Складана не пазначыць. 

Такім чынам, атрымліваецца, што візіт на выставу – падарожжа па часе. Рэтраспектыўны калідор "будуе" Мінск, пачынаючы з XIX стагоддзя. Вандроўка будзе карыснай нават для спецыялістаў, якія даследуюць урбанізацыю. 

Па Мінску можна вывучаць архітэктурныя стылі – узор гарадской эклектыкі. Ад класіцызму, мадэрна і канструктывізму да тыповых шматпавряховак. Факсіміле – сведкі былога Мінска. Толькі тут можна ўбачыць, напрыклад, Свята-Казанскую царкву. Святыня, якую будавалі на сродкі чыгуначнікаў, не захавалася да нашых дзён. А вось вуліца Савецкая – вітрына сталіцы. Рэстараны, кафэ, шырокія тратуары. Галоўную магістраль, як, дарэчы, і ўвесь горад, будавалі нанова, бо пасля вайны ад Мінска засталося толькі 20 працэнтаў.

Таццяна Мірановіч,  куратар выставы: "Мы паспрабавалі зрабіць такую рэтраспектыву – падабраць графіку, якая даволі багата захоўваецца ў нашых фондах, на якой мы маглі б пабачыць знаёмыя мясціны Мінска, але зрабіць гэта не зусім банальна. Вядома, што Мінск на чорна-белых, каляровых  фотаздымках вядомы шырокай аўдыторыі, але графіка – гэта такія штучныя працы з душой аўтара". 

А гэты пункт на карце сталіцы не так даўно лічылі вёскай – Лошыца была ў Мінскім раёне. Сёння сядзібна-паркавы комплекс не саступае палацам уплывовых фамілій на нашых землях. Ды і гаспадароў тут было не пералічыць. Візіцёрамі тут былі Дунін-Марцінкевіч, Манюшка, Ваньковіч.  Сутоку рэк  Свіслачы і Лошы малявалі шмат мастакоў. Малююць і сёння. У наіўным стылі Рагалевіча ці ў гіперрэалізме Шкарубы. 

15 аўтараў – ад мэтраў да студэнтаў. Самы ранні пейзаж датуецца 1969 годам. Гэта значыць сядзібны флігель, дзе сёння праходзіць выстава, яшчэ шматкватэрны дом. Восень, зіма… Лошыца ва ўсе сезоны, вечарам ці раніцай – метамарфозы знакамітага комплексу ў палотнах і кераміцы. "Пагартаць" лошыцкі альбом можна да лістапада.