Крыж Еўфрасініі Полацкай у Мінску

26 марта 2014

Усяго пару гадзін таму ў Мінск на спецыяльным транспарце пад аховай даставілі найвялікшую святыню Беларусі - Крыж Еўфрасініі Полацкай. Рэліквія толькі другі раз пакідае прыстанак - Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.


Гэта копія таго Крыжа, які па благаслаўленні самой прападобнай быў выраблены Лазарам Бокшам у 1161 годзе. Арыгінал быў згублены ў 1941-м падчас Вялікай Айчыннай. Узнаўляў рэліквію ў 90-х гадах мінулага стагоддзя беларускі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч.


Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай прабудзе ў Мінску ўсяго 2 дні. Яго прывезлі спецыяльна для маштабнага выставачнага праекта 10 стагоддзяў беларускага мастацтва, у якім удзельнічаюць каля трох дзясяткаў музейных збораў краіны. Ужо заўтра ён будзе даступны ўсім ахвочым.