"Чырвоны код нацыі" падбіраюць у Мастацкім музеі

31 марта 2020
Сакральнасць, эстэтыку і лідарства  зашыфруюць у "чырвоныя коды нацыі". Канцэптуальны праект  вярстае Нацыянальны мастацкі. Каля ста экспанатаў: ад традыцыйных ручнікоў і старажытных абразоў да беларускай абстракцыі, фігур і плакатаў. Такія культурныя дэталі ўпершыню размяшчаюць разам у экспазіцыйных холах. Чатыры раздзелы: народнае, сакральнае, ваенна-рэвалюцыйнае і сучаснае мастацтва Беларусі аб'ядноўваюць (у прамым сэнсе) чырвонай ніткай. Адценні пунсовага ў абразах адыгітрыях, на палотнах Язэпа Дроздовіча, у сармацкіх партрэтах 17-га стагоддзя і абстракцыі Надзі Хадасевіч-Лежэ.

Праект рэалізуецца на працягу некалькіх месяцаў за кошт Прэзідэнцкага гранта. У будучыні спецыялісты падрыхтуюць анлайн-экскурсіі па гэтай экспазіцыі. Пакуль жа афіцыйнага адкрыцця не плануецца. Выстава адчыніць дзверы для наведвальнікаў у канцы тыдня і будзе працаваць у звычайным рэжыме музея.