Касцёл імя Святога Роха адзначае 150-годдзе прысвячэння

15 ноября 2014

Касцёл імя Святога Роха на Залатой Горцы сёння адзначае 150-годдзе прысвячэння. Храм, на аснове якога створана самая першая суполка каталікоў у Беларусі, і сёння працягвае заставацца адным з цэнтраў духоўнага жыцця каталіцкай канфесіі.


У гонар юбілею ў Залатагорскім касцёле праходзяць урачыстасці на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам.


Расказвае Наталля Бардзілоўская: Названы ў гонар Святой Тройцы касцёл заснаваны каралём Ягайлам. Тады, у чатырнаццатым стагоддзі, гэта была драўляная царква на Мінскім ўзвышшы, празваным Залатой Горкай. Прастаяла яна нядоўга, пацярпела ад пажару. І толькі ў сярэдзіне 19 стагоддзя стала адраджацца - спачатку як каплічка, потым - каменны будынак. Касцёл у негатычным стылі спраектаваны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі мастацтваў і ўзводзіўся на дабрачынныя сродкі на працягу трох гадоў. У 1864 годзе царква названа імем Святога Роха, які, паводле паданняў, вельмі апекаваўся над хворымі.


Храм стаіць на могілках, дзе пахаваныя пацярпелыя ад халеры. Памятнае месца захоўвалася ажно да Вялікай Айчыннай вайны, але ў ваенныя саракавыя было разбурана. Знайсці ўсе помнікі-камяні, раскіданыя па Мінску, і вярнуць іх на перадкасцёльную тэрыторыю - у планах сённяшняга святара. У цэнтральнай частцы горада ў часы савецкага атэізму і сталічнай перапланіроўкі храм мог быць знесены, але ўцалеў. Недалёка ад плошчы Перамогі, схаваўся ў дворыку за Палацам мастацтваў - доўгі час ў ім мясцілася філарманічная зала


Касцёл Святога Роха - знакавы не толькі для вернікаў, але і для мінскай інтэлігенцыі, якая здаўна мае храм за месца сваіх сустрэч. Службы тут праходзяць на беларускай мове. Ладзяцца канцэрты арганнай музыкі. Адсюль пачыналіся і каталіцкая рэдакцыя Пра Хрыста, і сайт catolik.by.


Касцёл - уладальнік унікальнага аргана, які ўсталяваны ў храме ў канцы 80-ых чэшскім майстрам. Спецыялісты лічаць інструмент адным з найлепшых у Беларусі. Сусветна вядомыя арганісты, што прыязджаюць у Мінск, праводзяць свае канцэрты менавіта тут. Касцёл - роданачальнік духоўнага фестывалю Залатагорская ліра.


Залатагорскі касцёл - помнік старажытнай архітэктуры і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.