Касмічны чалавек, які ніколі не пакідаў зямной прасторы

19 апреля 2018

Народны мастак Беларусі, скульптар Іван Міско, не толькі апантаны творца, а і ветлівы гаспадар. Сустракае ў сваёй майстэрні касманаўтаў, якія прыязджаюць у Мінск. Кожны з іх пакідае свой аўтограф майстру на люстэрку і часцінку сябе ў выглядзе чарговай скульптуры. Наталля Кузьміцкая пабывала на касмічнай экскурсіі.

Яго майстэрня знаходзіцца ў самым цэнтры Верхняга горада - за архікафедральным касцёлам, нават ведаць нумар дома неабавязкова. Месца, дзе праводзіць амаль увесь час народны мастак, скульптар Іван Міско, бачны здалёк.

І хвіліны ў майстэрні Міско хопіць, каб зразумець: галоўная тэма яго творчасці - космас. Усе мары і думкі майстра аб нязведанай прасторы. Сваю першую скульптуру прысвяціў Гагарыну. Пасля Івану Якімавічу не аднойчы пазіравала маці першага касманаўта Ганна Цімафееўна. Тут жа побач выявы ў гіпсе, гліне і пластыліне Клімука, Кавалёнка і іншых касманаўтаў, з якімі сябруе майстар. Апошнім часам у майстэрню наведваецца і Алег Навіцкі.

Усе, хто пабываў у гасцях у майстра, разам з часцінкай сябе ў скульптурным увасабленні пакідаюць на памяць аўтограф. Калі на люстэрку ўжо не хапала месца, своеасаблівая гасцявая кніга перанеслася на дзверы аднаго з пакояў майстэрні. Скульптар жартуе: нават не дазваляе мыць іх, каб не сапсаваць подпісы дарагіх гасцей.

Зараз скульптуры Івана Міско ёсць не толькі ў Мінску і Маскве, Зорным гарадку і ў Каралёве, але і ў многіх краінах свету. Аднак адна з самых галоўных і важных для аўтара хутка з'явіцца на сталічнай вуліцы Касманаўтаў.

Адкрыццё памятнага знака запланавана на верасень - да Міжнароднага касмічнага кангрэсу, які пройдзе ў сталіцы. Рыхтуе да гэтай адметнай падзеі майстар і новую выставу. У кампазіцыях будзе адлюстраваны яго касмічны і нават іншаземны свет. Скульптар Міско ўпэўнены: мы не адны ў Сусвеце.