Карова-карміцелька ў бронзе з'явіцца ў Мінску

15 марта 2016

Большасці беларусаў ён вядомы як суаўтар і стваральнік гераічных мемарыялаў "Хатынь", "Кацюша", "Прарыў". Архітэктар Юрый Градаў і сёння рыхтуе новы праект да Дня вызвалення Беларусі. А паралельна ў распрацоўцы аўтара і лёгкажанравая кампазіцыя. Якая? Падрабязнасці ў рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

Галоўная рыначная пляцоўка краіны - Камароўка. І ў цэнтры - знакамітая "Бабуля з семкамі". Хутка гэты сімвал пакіне галоўнае месца ля ўваходу ў павільён і саступіць ганаровы пастамент іншай скульптурнай фігуры - "Карове-карміцельцы" як сімвалу дабрабыту і росквіту.

Бронзавая цётачка не знікне - перамесціцца да фантана, дапоўніўшы "карагод" з дамы з сабачкам, фатографа і коніка. Фасад жа Камароўкі закрые вялікая кампазіцыя: гранітная сцяна, на яе фоне - пастамент з галоўнай гераіняй. Аўтарскі калектыў на чале з архітэктарам Градавым і скульптарам Байрачным не стаў прыдумляць свайму стварэнню імя - мянушку карове знойдзе сам народ. Але лепш бы Мілка.

Метр сарок вышынёй, два дваццаць даўжынёй, меркаваная вага фігуры - дзве з паловай тоны. Карова будзе з бронзы, а пакуль на яе сышло не менш чым 250 кілаграмаў пластыліну. Прататып скульптуры - рэальная парода: кастрамская, прыгожая і малочная, мара селяніна. У нас распаўсюджаная.

Мікалай Байрачны, скульптар: "Карова насамрэч заслужыла такі помнік у нашай краіне, таму што без каровы было зусім цяжка".

Пластычны ландшафт дапоўніць траўка, яблыневая галіна і нават ластаўкі - фрагмент вясковай пастаралі ў бронзе. Формы адлівае Мінскі мастацкі камбінат - майстэрня з 70-гадовым стажам і знакамітымі работамі: усе станцыі метро, Палац Рэспублікі.

Cкульптар - Мікалай Байрачны, архітэктар - Юрый Градаў. "Карова-карміцелька" - праект - фіналіст рэспубліканскага конкурсу. І ўсё-такі патрыярх Градаў вяртаецца да галоўнай тэмы многіх манументалістаў. Калісьці ў суаўтарстве з Сяргеем Селіханавым працаваў над "Хатынню". Сёння Селіханаў-унук і Градаў завяршаюць працу ў парку Перамогі.

Пліты з асаблівага віду граніту - маслаўскага, у якім важным стаў колер: не сурова чорны, а бліжэй да паркавай зеляніны. Галоўны элемент праекта - святлодэкаратыўная кампазіцыя ля ўваходу ў парк, чалавечая фігура з нержавеючага металу, бронзы і шкла.

3 ліпеня - дзень урачыстага адкрыцця помніка вызваліцелям. А вось мірную анімалістычную кампазіцыю "Карова" плануюць адкрыць у найбліжэйшы час.