Кароткаметражны фільм Туфлікі трапіў у спіс прэтэндэнтаў на прэмію Оскар

17 декабря 2013

Роўна 89 гадоў назад у БССР было створана дзяржупраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі - Белдзяржкіно. Сёння дзякуючы дзяржпадтрымцы фінансавую дапамогу на праект можа атрымаць не толькі найбуйнейшая ў краіне студыя Беларусьфільм, але і любы аўтар. Адна з такіх паспяховых прац - кінастужка Туфлікі. Зусім нядаўна кароткаметражка атрымала ўсе галоўныя прызы фестывалю ў Манака і трапіла ў спіс прэтэндэнтаў на Оскар.


Пра трыумф карціны без слоў - рэпартаж Іны Пілевіч. Нашы кінематаграфісты першыя, каму дазволілі здымаць у Асвенцыме. Працаваць на тэрыторыі лагера смерці да гэтага моманту не дазвалялі ніводнаму рэжысёру, у тым ліку і Сцівену Спілбергу, калі той ствараў Спіс Шындлера. Але сцэнарый карціны аб Халакосце пад назвай Туфлікі настолькі ўразіў кіраўніцтва мемарыяла, што было зроблена выключэнне.


Фільм без твараў і слоў. Запомніць персанажаў можна толькі па нагах. Камера не паднімаецца вышэй за калена. Бо галоўная гераіня - пара жаночых чырвоных туфляў. Дарэчы, у яе ёсць прататып, які зараз знаходзіцца ў экспазіцыі канцлагера.


Першы кадр - у вітрыне магазіна, а фінальны - у брацкай магіле абутку Асвенцыма. Такі лёс чырвоных жаночых туфляў. Гэтая гісторыя аб ахвярах Халакоста разгортваецца ў 30-х-40-х гадах. На пробах рэжысёр Канстанцім Фам адглядзеў сотні акцёрскіх ног, да здымак дапусціў толькі самых пластычных. Усяго ў фільме зняліся каля 4-х сотняў чаравікоў.


Юрый Ігруша, прадзюсар фільма Туфлікі: Перадаць эмоцыі нагамі, нічога не гаворачы, аказалася самым складаным. Але, мне здаецца, гэтая задача была выканана. І менавіта на гэта зважалі.


Самыя маштабныя і дарагія сцэны здымалі ў Беларусі. Таксама ў карціне ўдзельнічалі кінематаграфісты Польшчы, Чэхіі, ЗША, Расіі, Францыі, Ізраіля. Днямі 20-хвілінная карціна на фестывалі ў Манака заваявала ўсе галоўныя ўзнагароды.


Лепшымі названы рэжысёр, прадзюсар, аператарская праца і музыка. На чарзе - барацьба за Оскар. Туфлікі трапілі ў спіс прэтэндэнтаў на саісканне ўзнагароды амерыканскай кінаакадэміі ў намінацыі Лепшы кароткаметражны фільм.