Кастусь Качан прэзентаваў сваю выставу ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

2 мая 2018

Яго работы - у фондах нашага Нацыянальнага мастацкага і ў Маскоўскай Траццякоўцы. Статусны і знакаміты Кастусь Качан з тых мастакоў, якія не саромеюцца сваіх вясковых каранёў. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага майстар прэзентаваў сваю выставу. Толькі новыя работы і адзіная тэма: родныя краявіды, землякі, іх святы і клопаты. Наталля Бардзілоўская пабывала на вернісажы.

Ён нарадзіўся на Навагрудчыне і, атрымаўшы "сталічныя ўніверсітэты", асэнсавана вярнуўся жыць на малую радзіму. Ёй жа прысвяціў усю сваю творчасць. І ў жыцці, і ў мастацтве ў Кастуся Качана няма цягі да мегаполісаў. Мастак пазнавальны сваімі правінцыяльнымі пейзажамі і замалёўкамі маленькіх мястэчак Беларусі.

Можна не падарожнічаючы паглядзець на натуральную, несапсаваную гарадской мітуснёй Беларусь. На сотнях палоцен Кастуся Качана - поры года, якія паўнацэнна глядзяцца па-за "кайданамі" асфальту і шумам аўто. Па нараджэнні - хутаранін, дзяцінства правёў за кіламетр ад вёскі Лаўрышава. Хлопчыкам бегаў у Любчу - мястэчка з гісторыяй яшчэ ад Вялікага Княства Літоўскага. Потым - уражанні ад Навагрудка. Хоць праехаў па ўсёй краіне - асабліва любіць Заходнюю Беларусь. Тут больш старажытнай архітэктуры, якую мастак заўсёды адлюстроўвае ў сваіх карцінах. Да таго ж, менавіта ў Навагрудку чатыры гады таму Качан адкрыў сваю асабістую аўтарскую галерэю.

На радзіме ў Качана ёсць пчолы - дзясятак вулляў. І з гэтай прычыны з вясны па восень мастак - пчаляр у вёсцы. Зімуе ж у Мінску, майстэрня на праспекце сталіцы - месца сустрэч з калегамі. Качан - любімчык айчыннага бамонда. З вернісажа яго сябры бяруць урокі каларыстыкі, простых, але чуллівых тэм.

Бацькі Качана - простыя беларускія сяляне, мастакамі ніколі не былі. Маці крыўдзілася, што сын у свой час кінуў універсітэт (кафедру фізікі) і пачаў маляваць. Але гэта быў лёс. Цікавасць да прафесіі мастак не перадаў дзецям, але падрастае ўнучка - дзяўчынка ахвотна цягнецца да алоўка і пэнздля з фарбамі.