"500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню". Сёння пад такой назвай стартаваў міжнародны кангрэс у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Больш за 600 дэлегатаў (а гэта вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты, кіраўнікі і спецыялісты розных устаноў) прыбылі ў Мінск з Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Польшчы. Усяго 22 краіны-ўдзельніцы. Кангрэс - гэта кульмінацыйная ўрачыстасць, прысвечаная юбілею першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскіх землях, створанай нашым земляком Францыскам Скарынам. У праграме пленарныя пасяджэнні, міжнародны круглы стол, работа секцый па напрамках, кнігазнаўчыя чытанні. Двухдзённы з'езд дэлегатаў не абмяжуецца беларускай сталіцай. Заўтра пройдуць мерапрыемствы і ў палацава-паркавым ансамблі "Нясвіж".
Адной з самых чаканых падзей кангрэса стала адкрыццё міжнароднай выставы "Францыск Скарына і яго эпоха". У экспазіцыі арыгіналы і факсіміле першадрукаў ХV-XVII стагоддзяў, прывезеныя з сямі краін свету. Самым каштоўным і ўнікальным экспанатам з'яўляецца ліст Бібліі Гутэнберга 1450-х гадоў. Фрагмент рэдкага кніжнага помніка захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Германіі ў Лейпцыгу. Яго кошт ацэньваецца ў некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.













