Кампазітар Андрэй Мдзівані - народны артыст Беларусі

22 апреля 2013

Адзіны беларускі кампазітар, які мае дзве Дзяржаўныя прэміі. Плюс  прэмія За духоўнае адраджэнне. А нядаўна Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб прысваенні Андрэю Мдзівані звання народнага артыста. У новым статусе маэстра працуе над чарговым творам. 


Пра задумкі майстра даведалася Наталля Бардзілоўская. Сачыняе ён дома, у цішы. А потым ад стоса нот ідзе ў кансерваторскі клас – да студэнцтва. На працягу 30 гадоў  Андрэй Васільевіч Мдзівані выхаваў каля двух дзясяткаў кампазітараў. Маэстра – 75. Музыкай пачаў займацца ў чатырохгадовым узросце. Падбіраў на фартэпіяна на слых. Ураджэнец Тбілісі, нашчадак грузінскіх інтэлігентаў у 15-гадовым узросце разам з маці пераехаў на Беларусь. Вучыўся ў Мінскай кансерваторыі па класе Анатоля Багатырова і ўжо на трэцім курсе напісаў свой першы твор – сімфанічную паэму Фрэскі. 9 сімфоній, 2 мюзіклы, 2 оперы, балет, харавая, вакальная і інструментальная музыка. Тэмперамент ад паўднёвых продкаў кампазітар спалучыў са служэннем беларускай духоўнай спадчыне. Сімфоніі Памяць зямлі і Полацкія пісьмёны. Балет Страсці (Рагнеда) ужо 17 гадоў, як у рэпертуары Вялікага тэатра. Сёння творца пад уражаннем ад наведвання Нясвіжа. Хоча напісаць сцэнічнае прысвячэнне роду Радзівілаў. Творы Мдзівані ў рэпертуары амаль што ўсіх калектываў краіны. Права агучваць апошнія прэм'еры аддадзена сцэне Белдзяржфілармоніі. Высокую ўзнагароду дзяржавы атрымаў і калега Андрэя Мдзівані, беларускі кампазітар Дзмітрый Смольскі. Уладальнік шматлікіх адзнак -  народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар кансерваторыі  - удастоены ордэна Францыска Скарыны.