Каманда Белтэлерадыёкампаніі здымае візітоўкі фіналістаў нацадбору на "Еўрабачанне-2020"

6 февраля 2020
У студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі здымаюць відэавізітоўкі фіналістаў нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020". Хронаметраж кожнай візітоўкі - 45 секунд. Канцэпцыя здымкі пераклікаецца са слоганам Міжнароднага конкурсу песні - "Адкрыйся". Артысты не спяваюць, а танцуюць. Стаўку зрабілі на манахромны мінімалізм. У кожнага з тузіна фіналістаў свой колер і графічны кантэнт: высакародны сапфір, дымчаты шэры, раскошны залаты. Гэтым палітра не абмяжоўваецца. 

У творчай каманды два здымачныя дні, а дакладней, ночы. За тэлезмену - па 6 удзельнікаў. Праца працягнецца і сёння ўвечар. Фінал нацыянальнага адбору адбудзецца 28 лютага ў здымачным павільёне "Беларусьфільма". Прамую трансляцыю шоу будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".