Калекцыю больш чым з сотні цаглін сабраў жыхар Бешанковіч

4 мая 2020
Бешанковіцкая керамічная спадчына. Калекцыю больш чым з сотні цаглін сабраў жыхар пасёлка. Незвычайныя асобнікі паклонніку старадаўнасці трапляліся на месцы былых панскіх сядзіб і іншых старажытных будынкаў. Вольга Маслоўская адправілася ў падарожжа ў некалі знакаміты цэнтр ганчарнага рамяства. 

Што ні цагліна, то гісторыя. Часам дэтэктыўная. Хто б падумаў, што цэгла лепей за паперу ўтрымлівае інфармацыю. Лепей, таму што не гарыць. І, як паказаў час, не разбураецца. Вось адбітак капыта каня, а гэта ўжо след парсюка, а вось - каціная лапа. Відаць, пакуль вылепленыя з гліны цагліны дзе-небудзь на пачатку 19-га стагоддзя сохлі на сонейку, не абмінулі іх увагай насельнікі сялянскіх двароў. А гэта ўжо адбітак рукі майстра - лічы, што аўтограф. 

Зараз адбітныя цагліны з калекцыі бешанковіцкага краязнаўца выстаўлены ў чытальнай зале бібліятэкі, але зусім нядаўна яны знаходзіліся ў розных кутках раёна. 

Цагельная вытворчасць - брэнд Бешанковіч у ХІХ стагоддзі

Бешанковіцкая зямля багатая на гліну. Менавіта таму амаль у кожным мястэчку працаваў цагельны заводзік. Былі і вялікія мануфактуры. Самая знакамітая знаходзілся вось на тым беразе Заходняй Дзвіны. Цяпер завода няма, але той край па сённяшні дзень называюць цагельняй. 

Буценеўская цэгла пазначана кляймом "Б"

Вось яна, самая знакамітая бешанковіцкая цэгла. Керамічныя камяні з кляймом "Б", што значыць, "выраблена на Буценеўскім цагельным заводзе" ў Бешанковічах, лічы, пад нагамі. З буценеўскай цэглы напрыканцы 19-га стагоддзя была пабудавана земская школа - будынак стаіць і па сёння. Вось гэтыя амбары, з якіх грузілі тавары на платы, што плылі ўніз па рацэ гандляваць у Рызе, таксама з мясцовага будаўнічага матэрыялу. Сёння пра цагельны завод на беразе Дзвіны нагадвае толькі труба. Гледзячы на яе пячных спраў майстар Васіль Камоска з вёскі Полькавічы уздыхае: “Сучасная цэгла не тая”.

Як пацверджанне слоў - будынак мясцовай Свята-Ільінскай царквы, што стаіць ужо 150 гадоў. І былая піваварня, чырвоны пазл са сцяны якой таксама ёсць у калекцыі краязнаўца. 

Мара краязнаўца - адкрыццё ў Бешанковічах музея цэглы

Калі не ўвекавечыць у літаратурным шэдэўры, то адзначыць важнасць бешанковіцкай керамічнай спадчыны невялікім музеем пад адкрытым небам - такая мара ў краязнаўца. А экспанатаў і гісторый хопіць не на адзін экспазіцыйны даведнік.