Калекцыя карункавых шароў у тэхніцы "Ірландскія карункі" ў падарунак Нясвіжскаму замку

1 декабря 2020

Калекцыю вытанчаных ёлачных шароў у падарунак атрымаў Нясвіжскі замак. Майстры ірландскіх карунак з шасці краін свету літаральна вывязалі кручком упрыгажэнні для навагодняй ёлкі, якая размясцілася ў адной з залаў Радзівілаўскага палаца. У чым адметнасць гэтага віду карунак, і хто аб'яднаў майстроў у міжнародны праект "Звяжам свет прыгажосцю", даведалася Ларыса Гулякевіч.


Незвычайная ёлка з'явілася ў белай бальнай зале Радзівілаўскага палаца. Яе спецыяльным і галоўным атрыбутам з'яўляюцца шары з ірландскімі карункамі.
Ажурныя завіткі, кветкавыя пялёсткі, мудрагелістыя ўзоры, вывезаны ўручную. Кожны шар - непаўторны! Такі навагодні падарунак - калекцыю з 30-ці ёлачных цацак і сняжынак - атрымаў Нясвіжскі музей-запаведнік.

Наталля Жэрка, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Нясвіжскі палац заўсёды раней рыхтуецца да новага года. Таму ў нас не адна ёлка. Іх шмат, і кожны год мы стараемся іх абнаўляць. Кожная ёлка мае свой арыгінальны ўбор. Сёлета самая арыгінальная ёлка будзе знаходзіцца ў Белай зале і будзе ўпрыгожана шарамі ручной работы па тэхніцы “Ірландскія карункі”.


Майстры па карунках з шасці краін свету, сярод якіх Расія, Украіна, Латвія, Польшча, Канада, свае вытанчаныя вырабы даслалі па пошце. У міжнародны творчы праект усіх аб'яднала беларускі майстар Вольга Старасціна. Падарунак Нясвіжскаму палацу яна марыла зрабіць даўно, бо сама родам з гэтых мясцін. Вязаць кручком навучыла бабуля яшчэ ў дзяцінстве.

Гісторыя "Ірландскіх карунак" пачалася яшчэ ў 14 стагоддзі, зразумела - у Ірландыі. Як асобны від вязальнага мастацтва склаўся ў сярэдзіне 19-га. У адзін неўраджайны год сяляне вострава пачалі шукаць новыя крыніцы заробку. Тады і вырашылі адрадзіць старажытную тэхніку вязання карунак. Каб паскорыць працэс, адмовіліся ад каклюшак ды іголак, сталі выкарыстоўваць выключна кручкі.


Акрамя ірландскіх карунак і сеткі з залатой ніткі, шкляныя ёлачныя шары ўпрыгожаны жэмчугам, бісерам і стразамі. Эфект чароўнасці ствараецца вытанчанасцю ручной працы, якую не можа паўтарыць машына.


Ацанілі вырабы з ірландскіх карунак і ў самой Ірландыі. Першы ёлачны шар міжнароднага праекта "Звяжам свет прыгажосцю" беларускі майстар Вольга Старасціна перадала ў дар музею горада Клонес у Ірландыі.