Да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта гісторыкі збіраюць калекцыю архіўных дакументаў. У рамках праекта студэнты і супрацоўнікі гістарычнага факультэта кожны месяц у сацыяльных сетках знаёмяць з дзейнасцю адной з дзевяці навуковых гістарычных школ БДУ. Адкрые тэматычны год прэзентацыя «Археалогія». Карыстальнікі даведаюцца аб дзейнасці вучоных, экспедыцыях, унікальных адкрыццях і знойдзеных артэфактах.
Інфармацыя адаптавана пад спецыфіку віртуальных пляцовак. Студэнты збіраюць і размяшчаюць там навуковыя артыкулы, відэа- і аўдыяматэрыялы, фотаздымкі з асабістых архіваў выкладчыкаў, дзённікі і лісты навукоўцаў. Снежань вырашылі прысвяціць дзейнасці вядомых беларускіх этнографаў.













