Князь Гедымін вяртаецца да сцен Лідскага замка

8 августа 2019

Новую скульптуру адкрыюць да дня нараджэння аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Конная скульптура з бронзы - на стадыі завяршэння. Помніку ўжо прысвойваюць статус міжнароднага. Аб апошніх падрыхтоўках перад падарожжам з мінскага цэха да замка - Лідзія Заблоцкая

Ад першага ўзгаднення макета да рэалізацыі - больш як год. Зараз афіцыйна: чацвёртая конная статуя ў краіне вагой тры тоны і вышынёй  шэсць метраў. Перш, чым Гедымін вернецца да Лідскага замка, бронзу затаніруюць і прывядуць у прэзентабельны выгляд. 

Скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай малявалі легенду на кані яшчэ ў 2015 годзе. Адразу ўлічвалі і анатомію, і гістарычны кантэкст: кансульціраваліся з адным з вядучых гісторыкаў па ўзбраенні ВКЛ. Так, структура і даўжыня мяча Гедыміна адпавядаюць звесткам, галаўны ўбор злеплены са знойдзенай пры раскопках у Швецыі дыядэмы. Даспехі, згодна з задумкай, пласціністыя: скураныя, падбітыя знутры жалезам. 

Сяргей Аганаў, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў: "Мы не стваралі рэпліку і не стваралі манекен для музея. Гэта сапраўды вобраз, твор мастацтва, які павінен несці пэўную ідэю. Яго вялікі, доўгі плашч як бы ахоплівае ўсю зямлю. Ён сапраўды збіральнік. Стаіць вельмі суцэльна, збірае і засцерагае землі. Таму што пры ім княства пашырылася".

Дарэчы, менавіта плашч стане адной з пяці пунктаў апоры помніка. Перш, чым перавесці Гедыміна ў бронзу, скульптары ўручную зляпілі пяць эскізаў у памеры 1 да 4. Ужо пасля: варэнне каркаса ў поўную велічыню, фармоўка, падрыхтоўка да частковага ліцця і - самы складаны этап - зборка дэталяў. Усяго - больш як дзесяць крокаў. 

Вольга Нячай, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў: "Хацелася ствараць нейкі больш суцэльны вобраз. У Піцеры, дарэчы, ёсць помнік Трубяцкому, помнік Аляксандру Трэцяму, які, наадварот, вельмі экспрэсіўна злеплены. У гэтым таксама ёсць свой кайф, калі ты ствараеш нешта буйное, манументальнае". 

І пакуль бронзу пакрываюць воскам для кансервацыі, у Лідзе ўжо гатовы пастамент. Пліты выраблялі па спецзаказе з натуральнага граніту ладажскага паходжання. Для ўсяго комплексу нават прыйшлося умацоўваць грунт. 

Ужо ў панядзелак Гедымін пакіне сцены завода і транспартуецца ў Ліду. Конная статуя ўпрыгожыць паўночную сцяну замка. Афіцыйна помнік адкрыюць у Дзень горада, 7 верасня, разам з другой вежай.