Кнігу, прысвечаную 75-годдзю вызвалення вязняў Азарыч, прэзентавалі ў Мінску

18 марта 2019

Кнігу, прысвечаную 75-годдзю вызвалення вязняў лагера смерці Азарычы, прэзентавалі сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы. Усё ў ёй - з першых вуснаў. На дзвюх сотнях старонак - фота, дакументальныя факты і ўспаміны тых, хто бачыў і перажыў жорсткія падзеі сакавіка 44-га. Аўтары - вязні Азарыч Аркадзь Шкуран і Міхаіл Сінькевіч - на працягу дзесяці гадоў вывучалі і апісвалі трагедыю лагера смерці.

Аркадзь Шкуран, аўтар кнігі, вязень лагера смерці Азарычы: "Я асабіста перажыў усе цяжкасці, якія былі там. Тое, што горы трупаў… Я ўжо прывык. Тым больш па прафесіі я следчым быў. Таму я правёў уласнае расследаванне па слядах нямецкіх злачынстваў".

Адам Керпель-Фроніус, навуковы супрацоўнік фонду "Помнік забітым яўрэям Еўропы" (Германія): "Нельга сказаць, што вывучэнне гэтай гісторыі будзе скончана калі-небудзь. З'яўляюцца новыя факты. І мы зацікаўленыя ў працягу работы. Разам з беларускімі калегамі спрабуем разам зразумець гэтае трагічнае месца".

Сёння ж прэзентавалі больш як тры дзясяткі іншых матэрыялаў: мемуары генерала 65-й арміі Паўла Батава, чые падраздзяленні вызвалялі Азарычы, матэрыялы Нюрнбергскага працэсу па ваенных злачынствах.