Клецкія майстры прапануюць сваю калекцыю вырабаў з лазы на "Славянскім базары ў Віцебску"

13 июля 2016

Імправізаваныя вентылятары, ажурныя шкатулкі з аздабленнем і «залацістыя кракадзілы» - усё гэта з лазы. Лозапляценнем клецкія рамеснікі займаюцца ўжо больш за 20 гадоў. Мудрагелістыя вырабы ствараюць самымі разнастайнымі тэхнікамі - ад класічных да камбінаваных пляценняў.

Свае творчыя кампазіцыі майстры прадэманструюць на кірмашы падчас «Славянскага базару ў Віцебску». А пакуль, карэспандэнт Юлія Токар завітала на радзіму рукадзелаў і даведалася пра таямніцы лазовага майстэрства.

Клецкія майстры па лозапляценні сваю працу заўсёды пачынаюць адсюль. Тут, на мясцовым возеры, расце шмат кустоў лазы. Менавіта гэтыя галінкі ва ўмелых руках прафесіяналаў і ператвараюцца ў шэдэўры рамесніцкага мастацтва: аб'ёмныя кветкі, кошыкі і нават… мэбля.

У майстэрні на самаробным абсталяванні жанчыны ачышчаюць лазу. Пасля дубчыкі прасушваюць. Майстар Святлана ўжо больш за 25 гадоў займаецца такім пляценнем. Цукарніцы розных відаў, хлебніцы, вазы, а колькі ў творчым партфоліа кошыкаў - цяжка і падлічыць.

Па сутнасці, дно - самы галоўны элемент кошыка. А далей - справа тэхнікі. Дзякуючы перапляценню «двойкай» і «тройкай» дубчыкі набываюць адпаведную форму. Калекцыя музея народных рамёстваў досыць багатая. Вентылятары, ажурныя шкатулкі і «залацістыя кракадзілы».

А вось над гэтай народнай прыгажуняй адзін майстар працавала амаль два месяцы. Тэхніка ўжо нам знаёмая, менавіта, такой «троечкай» і плятуцца кошыкі. Але ж для гэтай трохмятровай гаспадыні спатрэбілася ў сто разоў больш, чым для кошыка. Клецкія майстры сваю калекцыю вырабаў з лазы прапануюць у "Горадзе майстроў" на "Славянскім базары ў Віцебску". Там жа яны ўпершыню дадуць майстар-клас для тых, хто хоча асвоіць адмысловую тэхніку «вязання» лазовымі галінкамі.