"Класіка - гэта класна" - у эфіры тэлеканала "Беларусь 3"

15 сентября 2018

З філармоніі ў студыю 600 на Макаёнка і экраны тэлевізараў. Канцэртны абанемент "Класіка - гэта класна" з гэтага дня ў эфіры галоўнага медыяхолдынга краіны на тэлеканале "Беларусь 3". Аўтарам дзіцячага забаўна-адукацыйнага цыклу стаў заслужаны артыст Расіі, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік камернага аркестра Беларусі Яўген Бушкоў. У наступных выпусках юным слухачам прапануюць нотныя казкі, музыку краін свету і нават паядынак кампазітараў. На запіс адной 52-хвіліннай серыі спатрэбіўся поўны здымачны дзень. Адметнасцю праекта стаў першы запіс жывога гуку ў тэлепавільёне 600.

Прэм'ерны выпуск праекта стане першай музычнай тэлеперадачай, у якой прагучыць цыкл Міхаіла Бронера "Дзіцячы куток" і "Прыгода ў Імперыі струн і смычкоў" Ефіма Падгайца. Юных меламанаў "Класіка - гэта класна" запрашае да экранаў сёння ў 17:05 на "Беларусь 3".