"Чайка" Чэхава па-беларуску

18 марта 2015

Яна гучала на нямецкай, французскай, серба-харвацкай і балгарскай мовах. І вось сёння агучаная па-беларуску. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў афішу сваіх апошніх прэм'ер уключае класіку Чэхава "Чайка". Сёння прайшла генеральная рэпетыцыя. 

Адной з першых ацаніла пастаноўку Наталля Бардзілоўская.

”Чайцы” па-беларуску - амаль паўвека. Твор ставілі ў Тэатры беларускай драматургіі, а ў афішы купалаўцаў гэты літаратурны чэхаўскі трэнд з’явіўся у 50-ыя, потым - у 90-ыя. Сёлетняя пастаноўка - трэцяя на падмостках галоўнага тэатра краіны. Пераклад тонкага чэхаўскага радка на нацыянальную мову рэжысёр Мікалай Пінігін даверыў маладой беларускай літаратарцы і пераможцы перакладчыцкіх конкурсаў Марыне Казлоўскай.

Зрэшты, тут ”Чайку” цяпер можна будзе пачуць і на англійскай мове. Кожнаму гледачу адноўлены тэатр Купалы гатовы прапанаваць тэхнічную навінку: навушнік са спецыяльным перадатчыкам - у ім па ходзе спектакля сінхронны пераклад тэкста, што гучыць са сцэны.

Зрэшты, гэтым абсталяваннем ды невялікай праекцыяй на сцэну бадай што і абмяжоўваюцца новаўвядзенні “купалаўскай” “Чайкі”.

Пінігін крыху пасягнуў на Чэхава, скараціўшы чатырохгадзінную арыгінальную п'есу да 2 з хвілінамі гадзін.У спектакля мінімалістычныя дэкарацыі ад літоўскага сцэнографа і мастака Марыуса Яцоўскіса. І касцюмы крыху стылізаваныя, толькі нагадваюць эпоху Чэхава. Акцэнт -на сэнс п'есы, які актуальны і праз амаль паўтара стагоддзя.

У “Чайцы” Чэхаў напісаў пра сваіх сучаснікаў - інтэлігенцыю канца 19- стагоддзя. Людзей, якія ў сваю супярэчлівую эпоху шукалі духоўную апору, сэнс свайго жыцця. Назва твора - сімвалічная. Чайка - гэта і забітая з ружжа галоўным героем (Трэплевым) птушка. Гэта і лінія сюжэта для апавядання яшчэ аднаго персанажа - Трыгорына.

Чайка - гэта маладая гераіня Ніна Зарэчная, якая асацыюе сябе з трагічным лёсам птушкі. Гэта і сімвал кахання. У зашыфраванай п'есе купалаўцы ўбачылі нямала сучасных паралеляў.

Свабодалюбівая птушка - чайка як сімвал п'есы Антона Паўлавіча Чэхава і галоўны сімвал у эмблеме МХАТа, зрэшты, тэатра, які з’яўляецца своеасаблівым творчым пабрацімам купалаўцаў. Летась мхатаўцы гасцявалі ў Мінску, сёлета маскоўскія падмосткі ўбачаць беларускамоўную “Чайку”.