Кінафэст "Лістапад" выйшаў на фінішную прамую

10 ноября 2016

23-і Мінскі міжнародны кінафэст "Лістапад" выйшаў на фінішную прамую. У афішы перадапошняга дня форуму - каля двух дзясяткаў карцін.

Працягваюцца паказы асноўнага і нацыянальнага конкурсаў. Сёння ў Мінску прэзентавалі фільмы з Бельгіі, Румыніі, Польшчы і Швейцарыі. Дэбютаваў і Ліван з фільмам "Забойная здымка!". Адзначым, карціна ўжо заваявала Гран-пры на фэсце ў Маракешы, а таксама была вылучаная на "Оскар". Рэжысёр і прадзюсар прэзентуе зараз фільм у ЗША, таму не змог асабіста прадставіць кінастужку на "Лістападзе". Ён звязаўся з Мінскам па тэлефоне.

Люсьен бу Шаайя, прадзюсар фільма "Забойная здымка!" (Ліван): "Па-першае, мы вельмі рады, што наш фільм у Мінску. Арганізатары распавялі нам, што кінастужка з Лівана ўпершыню прадстаўленая гледачам з Беларусі. Мы былі здзіўленыя, але вельмі ганарымся гэтым фактам. Выдатна, што нас запрасілі да вас прадстаўляць фільм".

Крысціян бу Шаайя, прадзюсар фільма "Забойная здымка!" (Ліван): "Гэта добрае, якаснае кіно. Мы спадзяемся, што кінаманы Мінска сапраўды атрымаюць асалоду ад прагляду і адрэагуюць на ўбачанае. Мы вельмі чакаем рэакцыі вашай публікі, нам цікава даведацца іх думкі".

А індустрыяльная платформа "Лістапада" сёння сабрала беларускіх рэжысёраў на вялікую прэзентацыю-продаж кінастужак - так званы пітчынг. Свае працы выставілі 16 рэжысёраў - ад пачаткоўцаў да пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Лістапад" мінулага года.