"Хвілінка" адзначыла чвэрць стагоддзя

1 декабря 2018

25 гадоў - як адна "Хвілінка". Творчая майстэрня эстраднага мастацтва адзначыла чвэрць стагоддзя. Мы пазнаем іх не толькі па "фірмовых" касічках, але і па непаўторным драйве на сцэне. "Славянскі базар", галоўная ёлка краіны і, вядома, дзіцячае "Еўрабачанне". Ніводнае маштабнае мерапрыемства не абыходзіцца без "Хвілінкі". З юбілеем калектыў павіншавала і наша здымачная група. Чым сёння жыве шоу-тэатр, раскажа Лідзія Заблоцкая.

Гэтыя дзеці таксама спявалі і танцавалі на еўравізійнай сцэне ў Мінску. Нават былі ў ролі канкурсантаў. Дзякуючы іх працы тэхнічная каманда загадзя выставіла святло, наладзіла гук і прадумала рух камер. На прапрацоўку нумароў спатрэбілася не толькі "хвілінка", але і цэлы месяц.

Справіліся паспяхова. На рэпетыцыях - па 8 гадзін на дзень. І ні кроплі стомленасці. Юным артыстам не абвыкаць. Здольныя на большае. Паралельна ішлі рэпетыцыі юбілейнага канцэрта.

Ужо 25 гадоў прыдумляюць і рыхтуюць маштабныя вакальныя нумары з яркай харэаграфіяй. Сама па сабе "Хвілінка" - адзін з брэндаў беларускай "пясочніцы" шоу-бізнесу. З 1993 года сюды прыходзяць малыя ад 4 гадоў, каб развівацца творча.

Сёння яны запальваюць на галоўных сцэнічных пляцоўках Беларусі. Без "хвілінкаўцаў" не абыходзіцца ні "Славянскі базар", ні галоўная ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі.

У графіку кожнага дзіцяці, акрамя рэпетыцый, фотасесіі, эфіры, конкурсы і творчыя праекты. Сапраўднае жыццё любога артыста, распісанае па гадзінах.

Больш як 70 таленавітых дзяцей ужо паспелі даць 250 канцэртаў, а зараз пройдзе фінальны, які падвядзе рысу юбілейнаму канцэртнаму марафону. І ён пачнецца літаральна праз некалькі хвілін.

За чвэрць стагоддзя ў рэпертуары - падарункі ад музычных класікаў краіны. Свае песні шоу-тэатру дарылі Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі і Валерый Іваноў. А ў сябрах - знакамітыя артысты. Акрамя сотні сумесных выступленняў, некалькі сотняў пазаканцэртных сустрэч, гісторый і нечаканасцяў.

Заўсёды арыгінальныя, драйвовыя і з "фірмовымі" касічкамі, якія напэўна бачыў кожны. Сёння "Хвілінка" перайшла ў 26-ы канцэртны сезон. І плануе здзіўляць.