Мастачка са Смілавіч заваявала планету

21 мая 2018

Перамогу Беларусі на міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка прынесла Вікторыя Андрэйчык. Ёй усяго 11. І тое, з чым зямлячка сусветна вядомых Суціна і Царфіна асацыіруе свет, не пакінула абыякавымі знакамітых мастакоў розных кантынентаў.

Расказвае Алена Борматава.

Арт-цэнтр "Вулей", названы ў гонар парыжскага, дзе працавалі Суцін і Царфін - выхадцы Смілавіч, на іх радзіме адкрылі ўсяго некалькі гадоў таму. Дзеці тут займаюцца творчасцю. Шукаюць свой стыль і не баяцца наватарства, за што і шануюцца Суцін і Царфін. Але перайманне не вітаецца. Хоць адзін з кірункаў - жывапіс. Два гады кампазіцыю, малюнак і тэорыю колеру тут спасцігае Вікторыя Андрэйчык, якая зусім нядаўна стала прызёрам міжнароднага конкурсу. Наш сімвал - васілёк - і прынёс перамогу юнай мастачцы.

Беларусь удзельнічае ў маляўнічым спаборніцтве не першы год, але ўпершыню становіцца пераможцам. Малюнкі на конкурс "Намалюй мне мір" адпраўлялі ў электронным выглядзе. Ад кожнага юнага мастака па адной рабоце. Смілавічы адправілі пяць карцін розных аўтараў. Перамагла толькі адна.

У конкурсе ўдзельнічалі дзеці розных узроставых катэгорый - ад 4 да 7 гадоў, ад 8 да 12 і падлеткі ад 13 да 16. Сёлета гэта прадстаўнікі 29 краін - розных кантынентаў, этнічных груп і веравызнанняў. Сярод удзельнікаў - дзеці, якія не па чутках ведаюць, што такое вайна, і дзеці, якія аб вайне ведаюць толькі па кнігах. Але ўсе работы аб'ядноўвала тэма міру.

Пераможцаў выбірала прафесійнае журы, у якое ўваходзілі мастакі, мастацтвазнаўцы, крытыкі з усяго свету. Выбар прызёраў здзяйсняўся ўсляпую. Быў вядомы толькі ўзрост дзіцяці. Асноўным крытэрыем адбору, як ні дзіўна, быў не прафесіяналізм і майстэрства, а ці закрануў малюнак сэрца членаў журы.

У гэтым конкурсе няма першага, другога і трэцяга месцаў. З некалькіх сотняў удзельнікаў журы выбрала 50 прызёраў. І ўсіх запрасілі ў Парыж на ўзнагароджанне. Па выніках конкурсу выдалі альбом з малюнкамі-пераможцамі і арганізоўваецца перасоўная выстава, якая праедзе па ўсіх 50 краінах, прадстаўнікі якіх сталі прызёрамі конкурсу. А тым часам малюнкі дзяцей са Смілавіч выставяць у Францыі.

Вернісаж смілавічскага "Вулея" ў Шампіньі пройдзе ў сярэдзіне верасня. Выстава стане перасоўнай і праедзе па 10 гарадах Францыі, у тым ліку малюнкі юных жывапісцаў будуць выстаўленыя ў Парыжы.