Мастак Павел Кандрусевіч серыю сваіх работ прысвяціў беларускай сталіцы

16 июля 2020
Экспазіцыя гарадскіх пейзажаў як элемент дэкору сталічных кафэ. Мастак Павел Кандрусевіч серыю сваіх работ прысвяціў беларускай сталіцы. Сам аўтар працуе ў розных тэхніках, а Мінск на палотнах увасобіў алеем. У майстэрні мастака пабывала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Венецыя перад другім вялікім навадненнем у гісторыі горада. Пейзаж з Балтыкі, дзе нараджаецца бурштын. Серыі рэальных і фантастычных пейзажаў, натхнёных архітэктурай і прыродай Італіі, Аўстрыі, Харватыі. У кожнай сталіцы свету ён знаходзіць сваю адметнасць, а геаграфічныя славутасці - своеасаблівае афармленне асноўнай ідэі.

Прыгажосць пейзажаў розных краін свету. Аўтарскія тэхнікі, асабісты погляд мастака. Апошняя выстава Паўла Кандрусевіча прысвечана любімай сталіцы - Мінску.

Ён дасканала адчувае памеры прасторы, таму афармленне інтэр'ераў для Паўла Кандрусевіча падобна на працу мастака. Гарманічна размясціць карціну - у праёмах сцен кафэ ці выставачнай залы - асаблівы талент. Сярод міжнародных пейзажаў, якія робяцца выключна з натуры - сучасны-стары Мінск.

Павел Кандрусевіч працягвае мастацкія традыцыі сваёй творчай сям'і. Дзед - знакаміты мастак Натан Воранаў, бацька – вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Пятровіч Кандрусевіч. Родны брат - Уладзімір - мастак. Нядаўна яны адкрылі сумесную выставу пад назвай "Фігура" ў Полацкай мастацкай галерэі. 

Антычная скульптура і старажытныя артэфакты на фоне чатырох жаночых вобразаў, нібы з розных эпох - аб'яднаны філасофскім сэнсам з цытатамі на лацінскай мове.

Асноўныя матэрыялы – палатно і алей, аднак сваё светаўспрыманне ён максімальна раскрывае ў змешаных тэхніках. Павел сумяшчае беларускую і еўрапейскую школы мастацтва. З аднаго боку - Беларуская акадэмічная, з другога – Аўстрыйская. Аддзяленне гісторыі мастацтваў у горадзе Грац.