Мастак-манументаліст Уладзімір Кандрусевіч падрыхтаваў экспазыцыю Recycling

9 марта 2017

У яго майстэрні адпрацаваны матэрыял становіцца творам мастацтва. Мастак- манументаліст Уладзімір Кандрусевіч падрыхтаваў экспазіцыю Recycling - перапрацоўка ў мінскай галерэі ДК. Аўтар злучыў класіку і сучаснасць - замест палатна выкарыстоўвае ржавы метал. Рэпартаж Ніны Мажэйкі.

Замест палатна ржавы метал. Піша алеем, але пэндзаль у яго руках з'яўляецца радзей, чым балгарка. Прыёмы аўтапрама выкарыстоўвае з мастацкімі мэтамі. Так, адпрацаваны матэрыял са сметніка становіцца творам. Але тэхналагічны працэс пыльны і шумны.

Яго мастацкая манера супадае з пастулатамі Рэнесансу. Пераасэнсоўвае чалавека і прастору. Пры гэтым выкарыстоўвае традыцыйную тэхніку, але звонку выглядае па-сучаснаму. Так званы новы рэалізм з лёгкай рукі можна назваць аўтарскім. Уладзімір Кандрусевіч - прадстаўнік вядомай творчай дынастыі. Пачынаў са «сценапісу». Гэта яго фрэскі ў касцёле ў Полацку, Расонах. Майстэрства адточваў у Італіі. Сучасная перапрацоўка ці Recycling (такую назву атрымаў арт-праект) - даніна таксама класічным традыцыям.

Персанальная мадэль генезісу ў форме ДНК - падвоенай спіралі. Па-мастацку выглядае нават цень. З прыцэлам псіхолага мастак напісаў дэжавю. Знайшлося месца і для рэўнасці - аўтарская алегорыя выканана на жалюзі. Бытавыя сутыкненні з падглядваннем, - бадай, адзіны арт-аб'ект выкананы на новай паверхні "без гісторыі", як лісты металу. Мастацкая ж магістраль у сюжэтах Кандрусевіча - апакаліпсіс.

Арт-праект насамрэч дуэт творцаў: мастака Кандрусевіча і паэткі Сабіны Брыло. Але яе вершы, напісаныя на кардонках з адпаведнымі маркіроўкамі "крохкае", "захоўваць ад вільгаці", не ілюстрацыі, а самастойныя выказванні, якія мастак заплёў у канву экспазіцыі.

Карозія металу і паталь для высакароднасці - аўтарскую знаходку падтрымалі ў Швейцарыі. У гэтым месяцы адкрыецца выстава ў Цюрыху. Рэдкі выпадак, калі аднаго мастака паралельна экспануюць у дзвюх галерэях.