Мастацкая фотавыстава Валерыя Вядрэнкі прысвечана мінскай Лошыцы

10 апреля 2017

Мінская Лошыца як прадмет натхнення мастака. Сядзібна-паркавы комплекс стаў галоўным вобразам у творчасці Валерыя Вядрэнкі. Майстар некалькі гадоў прысвяціў фатаграфаванню старадаўняга мястэчка і як вынік - мастацкая фотавыстава «Лошыцкі дзённік», і адначасова ўбачыў свет фотаальбом, прысвечаны Лошыцы. Наталля Бардзілоўская сустрэлася з аўтарам і пабывала ў сучасным Лошыцкім парку.

Пры дапамозе лічбавага фота ён павярнуў час назад і паказаў, як бы выглядала шляхетная Лошыца стагоддзі таму, якімі былі і чым бавіліся яе гаспадары і госці. Спецэфектамі і фотопластыкай мастак Валерый Вядрэнка дабіўся атмасфернасці сваіх работ: Лошыца паўмістычная, паўнатуральная, у рамантычнай традыцыі мінулых стагоддзяў паўстае ў сотні яго работ. У кожным са здымкаў мастак схаваў цэлую гісторыю, насычаны сюжэт. Зрэшты, выстава - толькі частка праекта. Днямі ў мастака выйшаў альбом-прысвячэнне Лошыцы.

Унікальны Лошыцкі парк як аснова фотасесіі Вядрэнкі. Раслінны комплекс закладваў яшчэ граф Станіслаў Прушынскі. Яго паслядоўнік, уладальнік Лошыцы Еўстафій Любанскі, увогуле пераўтварыў лошыцкі ландшафт у эксперыментальны батанічны сад: тут скрыжоўвалі расліны, выводзілі новыя сарты. Старажытная Лошыца была поўная экзатычных дрэў: раслі абрыкос, магнолія, крымская ліпа. У кадры і жамчужына Лошыцкага ансамбля - паўразбураная капліца. На намоленым стагоддзямі месцы пад адкрытым небам тутэйшыя католікі і сёння ладзяць службы.

З 20-ых гадоў мінулага стагоддзя лёс Лошыцы поўны выпрабаванняў. Гісторыкі распавядаюць, як у Лошыцкім яры расстрэльвалі антысаветчыкаў. У 40-ыя тут была рэзідэнцыя гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Пасля вайны на 93 гектарах мясцовасці размяшчаліся ўгоддзі саўгаса. Апошнімі гадамі гістарычны помнік стаў адным з 9 філіялаў Нацыянальнага мастацкага музея. Менавіта з таго часу фотамайстар Валерый Вядрэнка і пачаў свае «творчыя зборы» па Лошыцы.

Сама Лошыцкая сядзіба, калі і трапіла ў фотаальбом мастака, дык толькі дальнімі і знешнімі планамі. Убачыць і адлюстраваць 12 залаў, 12 унутраных інтэр'ераў Лошыцкай сядзібы Валерый Вядрэнка, як і любы мінчанін, тады не мог (сядзіба стаяла закінутая і зачыненая да 2008 года, пасля рэстаўрацыі яна адчынілася ў 2015 годзе).

Сёння двухпавярхоўка графскага дома ўражвае захаванымі ўнікальнымі кафельнымі печамі ручной работы, ляпнінай на столі. Часткова - аўтэнтыкі. Астатняе тут - ад афарбоўкі сцен, мэблі і інтэр'ерных дробязей - сучаснае, але выканана з улікам лошыцкіх арыгіналаў. На гарышчы - выставачная галерэя. Калісьці дом беларускіх арыстакратаў - сёння тут музей.