"Хрустальная Паўлінка" падвяла вынікі

29 марта 2018

Прэмія "Хрустальная Паўлінка" - узнагарода Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі - падвяла свае вынікі. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў мінскім Доме дружбы. У розныя гады "Хрустальную Паўлінку" трымалі ў руках Стэфанія Станюта і Генадзь Гарбук, Барыс Луцэнка і Наталля Гайда. У гісторыі прэміі былі і ўнікальныя выпадкі, калі статуэтка і званне лаўрэата даставаліся адначасова двум дзеячам. Падрабязна Наталля Бардзілоўская.

У "хрустальным" спісе лаўрэатаў (а імі ў свае гады станавіліся Стэфанія Станюта, Аляксандра Клімава, Марыя Захарэвіч, Наталля Гайда - усяго за гісторыю 31 уладальнік "Паўлінкі") цяпер і імя Зінаіды Зубковай. Народная артыстка Беларусі, самая вопытная актрыса Купалаўскага, адзначана за шматгадовую працу і вернасць тэатру. Падмосткам артыстка служыць амаль 6 дзесяцігоддзяў. У рэпертуары – дзясяткі спектакляў. Зрэшты, адной з першых яе работ і была тая самая "Паўлінка" - брэнд тэатра Купалы і сімвал, які цяпер стаў галоўным тэатральным прызам з хрусталю.

Яркі дэбют, поспехі лялечнікаў і вялікі ўклад у мастацтва не першы год таксама адзначаюць на цырымоніі. Даччыныя прэміі - "Хрустальная кветка", "Хрустальны анёл" і "Хрустальная зорка" - сёлета атрымалі актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Анастасія Рэўчанка, мастак-сцэнограф Дзмітрый Мохаў і майстар сцэны Гродзенскага тэатра лялек Людміла Паўлоўская.

З нядаўняга часу асобна тэатральны прафсаюз стаў адзначаць і прадстаўнікоў знакамітых дынастый. Заахвочвае спецыяльнай стыпендыяй, якая будзе падтрымліваць сям'ю пажыццёва.

У Беларусі працуюць каля трыццаці прафесійных і некалькі соцень самадзейных тэатральных калектываў. Тэатральнай прэміяй можа быць адзначаны любы работнік сферы. Не сакрэт, над стварэннем сцэнічнага твора на яго поспех у гледача працуе велізарная колькасць падраздзяленняў.