Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Мінску адзначае 120-годдзе

12 сентября 2018

Ён ніколі не закрываўся і захаваў першапачатковы выгляд. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Мінску сёння адзначае 120-годдзе. Узведзены на адным з найстарэйшых некропаляў сталіцы – Вайсковых могілках узор царкоўнага барока перажыў войны, рэвалюцыі, але заўсёды быў і застаецца духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя.

Наталля Бардзілоўская пра старажытны храм сталіцы. На падыходзе да храма пахаванні. Яны нагадваюць аб тым, што гэтая царква была ўзведзена ў гонар вайскоўцаў, якія абаранялі Балгарыю ад турэцкага ярма (XIX стагоддзе). На надмагільных помніках імёны генералаў Расійскай імперыі, на ўваходзе ў сам храм - шыльды з прозвішчамі байцоў 30-ай артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага пяхотнага палка, якія вызначыліся ў баях пад Шыпкай, Плеўнай. Статус царквы як палкавой падкрэсліваюць і металічныя харугвы са старажытнай гравіроўкай, і тагачасная паходная каплічка, і сведка гераічнага мінулага - абраз святога Мікалая.

Падчас 1940-ых гадоў на могілках ля храма пахавалі звыш 500 салдат, афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай. Тут спачываюць класікі Купала і Колас. Сама Аляксандра-Неўская царква і сёння зберагае ваенны статус: падтрымлівае адносіны з сувораўскім вучылішчам, газетай Міністэрства абароны "Во славу Родины". Сярод тутэйшых прыхаджан нямала людзей у пагонах. Храм ганарыцца ўласнай гісторыяй: перажыў дзве вайны і не пацярпеў.

Як удзячнасць Божай Маці, якая сваім Покрывам уратавала падчас вайны, акрамя галоўнага ў храме з'явіўся другі прыдзел. Сёння на ўрачыстасцях у гонар 120-годдзя будзе асвячоная трэцяя прыбудова – імя князя Уладзіміра. Тут жа – хрысцільня, у якой у свой час здзейсніла таінства ледзь не палова жыхароў Мінска.

Да 1990-ых гадоў мінулага стагоддзя ў сталіцы былі толькі два праваслаўныя храмы: Свята-Духаў кафедральны сабор і Аляксандра-Неўская царква. Царква на могілках, удалечыні ад мітусні прыцягвала людзей. Тут хрысціліся пакаленнямі нават у часы атэізму. У 1960-ыя ўлады асабліва актыўна імкнуліся гэты храм закрыць. Лёсавызначальным для захавання і будынка, і прыхода Аляксандра Неўскага было мудрае пастырства протаіерэя Віктара Бікарэвіча.

У гэты храм прыходзяць далучыцца да ўнікальных рэліквій: спісу Маці Божай Мінскай, Акафіснай іконы Багародзіцы з Афона, Спаса Нерукатворнага пэнздля Мікалая Ге. Для маленькіх дзяцей чвэрць стагоддзя працуе нядзельная школа. Для юнакоў адкрыта старонка ў сацыяльных сетках. Хворых раз на тыдзень наведваюць прадстаўніцы прыходскага сястрыцтва і бацюшкі. Праз 120 гадоў храм Аляксандра Неўскага зберагае традыцыі і прымнажае справы міласэрнасці і служэння веры.