Хіт легендарных "Рускіх сезонаў" Дзягілева пакажуць у Мінску

5 июня 2018

Балет "Пятрушка" кампазітара Стравінскага ўжо заўтра прадставяць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Прэм'ера стане фінальным акордам юбілейнага, 85-га, сезона галоўнай акадэмічнай сцэны краіны. За пастаноўку спектакля, які стаў ужо сусветнай класікай, узяўся прадстаўнік знакамітай балетнай дынастыі, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа. З генеральнага прагону - рэпартаж Іны Пілевіч.

Шчокі, нібы даўней, нацёртыя бураком, а бровы быццам падведзеныя вуглём. Для сваёй новай партыі саліст Вялікага тэатра Такатошы Мачыяма загрыміраваны так, што без падказкі-праграмкі не пазнаюць нават самыя адданыя прыхільніцы. Ужо заўтра ён упершыню паўстане перад публікай у вобразе Пятрушкі. Стагоддзе таму з'яўленне ў балеце рускай цацкі з саломкі і пілавіння выклікала сапраўдны фурор у тэатральнай Еўропе.

Такатошы Мачыяма, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Правы бок - гэта ўсмешка, левы бок - сумны такі. Адсюль усміхаецца, адсюль сумуе. Як касцюм і дэкарацыі, грым вельмі важны".

Пасля трыумфу на "Рускіх сезонах" Дзягілева ў Парыжы спектакль увайшоў у рэпертуары вядучых тэатраў свету. Сёння балет Стравінскага даюць ад Масквы да Нью-Ёрка. Але на мінскай сцэне Пятрушка ўпершыню. Спецыяльна для прэм'еры нашым Прынцам, Шчаўкунчыкам і Спартакам прыйшлося па-новаму зірнуць на акадэмічную харэаграфію. Вучыліся быць нязграбнымі, горбіць мускулістыя плечы і натуральна падаць як лялькі.

Алег Яромкін, заслужаны артыст Беларусі: "Глядзеў вось гэтыя марыянеткі, лялькі, падвешаныя на нітачках, як яны ходзяць, як у іх рукі згінаюцца".

Ён неаднаразова ўвасабляў на сцэне Пятрушку, а з 90-ых аднаўляе шэдэўр па ўсім свеце. Прадстаўнік вядомай балетнай дынастыі Андрыс Ліепа ставіць спектакль, засноўваючыся на арыгінальнай харэаграфіі балетмайстра Міхаіла Фокіна. Народны артыст Расіі абапіраўся на дакументы і відэазапісы пастаноўшчыка.

Андрыс Ліепа, народны артыст Расіі: "Я пазнаёміўся з унучкай Міхаіла Міхайлавіча - з Ізабель Фокін. Яна нам падала для першага аднаўлення спектакля клавір, які падпісаны і распісаны самім Міхаілам Фокіным".

Балет-вуліца. Сярод персанажаў гусары, вазніца, катрыншчык, кухцік, купец. Для ўвасаблення гэтых герояў на сцэне ў цэхах Вялікага сшылі 9 дзясяткаў касцюмаў. Дзейства адбываецца ў Масленічны тыдзень. У дні масавых гулянняў разгортваецца трагедыя няшчаснага Пятрушкі, неўзаемна закаханага ў Балярыну.

Дзіцячая карусель, тэатр жывых фігур, прылавак, самавар... Спецыяльна для прэм'еры на сцэне Вялікага тэатра ўзнавілі кірмашовую плошчу мінулага стагоддзя. Усе дэкарацыі распісаныя ў стылі лубок - яркімі фарбамі створаныя простыя і даступныя выявы рускай народнай творчасці.

Адзін з самых лаканічных спектакляў у афішы Вялікага тэатра. Працягласць рускіх пацешных сцэн - усяго 40 хвілін. Пасля антракта гледачам прапануюць яшчэ адзін балет па казачных матывах - таксама адноўлены Андрысам Ліепам шэдэўр Стравінскага "Жар-птушка".