Кевін Махогані даў канцэрт у Белдзяржфілармоніі

6 марта 2017

Кевін Махогані - джазавы вакаліст №1 у свеце - даў канцэрт у Белдзяржфілармоніі. Беларускія гастролі адбыліся ў рамках праекта "Міжнародны джаз у Мінску". За дзень да гэтага артыст даў майстар-клас. Усе падрабязнасці - у Вольгі Мядзведзь.

Ён мог бы стаць кларнетыстам, саксафаністам, піяністам, перкусіяністам і нават зоркай кіно, але абраў вакал. Першы поспех прыйшоў да джазавага спевака Кевіна Махогані ў сярэдзіне дзевяностых пасля выхаду яго аўтарскага альбома, з яго імем, на лэйбле Warner Bros. Яшчэ тады нью-ёркскі часопіс NewsWeek прызнаў выканаўца лепшым у сваім пакаленні.

З дзяцінства Кевін вылучаўся працавітасцю і зацятасцю. Дзякуючы гэтаму ўжо ў дванаццаць гадоў іграў у біг-бэндзе Эдзі Бейкера на барытон-саксафоне. Пазней, у каледжы, Махогані зразумеў, што можа быць не толькі музыкантам, але і спяваць. Ён нават арганізаваў свой джазавы хор. Артыст з класічнай адукацыяй выпусціў больш за дзесяць альбомаў у імправізацыйным стылі. Джаз-вакал ён асвойваў самастойна. У сталіцу вакаліст прывёз вядомыя кампазіцыі з уласных альбомаў, а таксама з рэпертуару Нат Кінг Кола, Джоні Хартмана, Эдзі Джэферсана, Джо Уільямсa і іншых.

Саундтрэк да знакамітага фільма "Канзас-Сіці" Роберта Олтмэна Махогані выпусціў у дзевяноста шостым. Даведаўшыся пра здымкі кінастужкі, ён знайшоў спосаб прапанаваць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў карціне, бо гэты фільм знакавы - пра горад, дзе Кевін нарадзіўся і рос.

Наступным крокам на джазавы алімп стала выступленне ў Карнегі Хол у праекце Клінта Іствуда з зоркамі сусветнай велічыні.

Разам з Кевінам Махогані на мінскай сцэне Арк Аўруцкі квартэт. Музыканты з Ізраіля і ЗША на гітары, фартэпіяна, ударных і басах стварылі акампанемент амаль двум дзясяткам кампазіцый.