Керамічныя цацкі-свістулькі адраджаюць у Бешанковіцкім раёне

29 ноября 2019
Аўтэнтычныя гліняныя свістулькі з Бешанковіцкага раёна прэтэндуюць на месца ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. За апошняе дзесяцігоддзе тут знаходзяць старажытныя цацкі. Дзве з іх гараджане выявілі на беразе Заходняй Дзвіны. Яны зроблены  ў форме чалавечка і датуюцца сярэдзінай XVI стагоддзя. А свістулькі ў форме баранчыка і вершніка на кані былі заўважаны падчас разбору старога падмурка і ў агародзе. Зараз спецыялісты раённага Дома рамёстваў збіраюць навуковае абгрунтаванне для надання бешанковіцкім керамічным свістулькам асаблівага статусу. А яшчэ наладзілі выпуск рэплік знойдзеных артэфактаў. 

У Сярэднія вякі Бешанковіцкі раён быў вядомым цэнтрам ганчарства. Вырабы з гліны прадавалі на кірмашах. Гарадок размешчаны на Заходняй Дзвіне, па якой пралягаў старажытны гандлёвы шлях "з вараг у грэкі".