Карціны Мая Данцыга экспануе галерэя Лондана "Саатчы"

27 апреля 2015

Да 70-годдзя Перамогі над фашызмам карціны гэтага беларускага мастака ўбачылі ў цэнтры Еўропы: адна з найбуйнейшых карцінных галерэй Лондана "Саатчы" ў выставу майстроў постсавецкай прасторы ўключыла дзве работы адзінага беларуса Мая Данцыга. Народны мастак Беларусі не ў адным палатне пісаў вайну, якую бачыў дзіцем. 

Сёння Май Вольфавіч адзначае 85-годдзе і гаворыць, што піша выключна мірныя сюжэты. Пра што? Даведалася Наталля Бардзілоўская.

Гэта цалкам эксклюзіў. Май Данцыг падзяліўся сакрэтам сваёй новай работы, якую не паказваў яшчэ нікому. Палатно - прысвячэнне "нёманскім" шкловыдзімальнікам пакуль не завершана і майстэрню пакіне толькі ў кастрычніку. Гэтае палатно памерам тры з паловай на пяць метраў стане цэнтрам персанальнай юбілейнай выставы мастака. Яна адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Эцюд гэтай карціны мастак пісаў з натуры проста на шкловытворчасці. Мальберта тады з сабою не апынулася, натхненне выратаваў ліст фанеры, які дасталі са склада.

У свае 85 ён піша пра мір і працу. А паўстагоддзя таму, са студэнцкай лавы і потым спелым майстрам, жывапісам распавядаў пра вайну, якую бачыў дзесяцігадовым хлопчыкам.

Ён шмат пісаў пасляваенны і мірны Мінск. На палотнах распавёў пра беларускіх партызан. Дарэчы, работу "Партызанская балада" да 70-годдзя Перамогі над фашызмам месяц таму завяршыла выстаўляць Лонданская карцінная галерэя. Адзіны з беларускіх мастакоў, Данцыг быў прадстаўлены ў Брытаніі і сваім хрэстаматыйным палатном "І памятае свет выратаваны". На сюжэт карціны майстра натхнілі рэальныя гістарычныя падзеі.

Дарэчы, жаночых вобразаў у Мая Вольфавіча мала. Самым лепшым мастак назаве партрэт сваёй мамы Басі Якаўлеўны. Хоць прызнаецца: усё жыццё саромеўся выбранага ёю імя для сына - Май.

Свой юбілей Данцыг сустракае ў звычайным творчым рэжыме - у майстэрні. Да юбілейнай выставы мастаку яшчэ трэба скончыць некалькі новых палотнаў.