Да знакавай даты ў гісторыі нашага краю - стагоддзя Нарацкай аперацыі - у Нацыянальным гістарычным музеі прэзентуюць карціну "Сібірскія стралкі". Падзея Першай сусветнай, якая доўжылася цэлых 12 дзён, праходзіла на землях Беларусі. Батальнае палатно аўтарства маладога беларускага мастака стала першым і пакуль адзіным, якое адлюстравала гэтую ваенную кампанію. Здымачная група Агенцтва тэленавін адна з першых ацаніла карціну.
Маштабнае палатно, прысвечанае 100-годдзю Нарацкай аперацыі, будзе прадэманстраванае ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Аб гісторыі стварэння батальнай карціны і яе першая дэманстрацыя - у рэпартажы Алены Борматавай.
Распакаванне ў прысутнасці тэлекамеры. Першая дэманстрацыя карціны, прысвечанай 100-годдзю Нарацкай аперацыі. Яна доўжылася 12 дзён з 18 па 30 сакавіка па новым стылі. Афіцыйная прэзентацыя гісторыка-батальнай карціны, пройдзе праз некалькі дзён. Палатно памерам два на тры метры пісалася на працягу некалькіх гадоў. Вялікая частка часу пайшла на падрыхтоўку матэрыялу. Баталіст - гэта мастак-гісторык. Ён шмат часу праводзіць у архівах. Вывучае навуковую літаратуру і кансультуецца з уніфармістамі, геральдыстамі, гісторыкамі.
Сцяг мастак перапісаў літаральна месяц таму. Так замест бела-сіняга палотнішча - Спас Нерукатворны на малінавым фоне. Тады ж былі ўнесеныя карэктывы ў элементах ваеннай формы - званні, нашыўкі, шыфры, палявыя ахоўныя пагоны. На карціне намаляваны трэці сібірскі стралковы полк. Аперацыяй камандаваў генерал Рагаза - ураджэнец Віцебска, які скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча.
Прысутнічае на карціне і жаночы вобраз. Яўгенія Варанцова - яна добраахвотнікам прыбыла з Масквы і была залічаная ў каманду сувязі 5 роты 3 сібірскага стралковага палка, але настаяла на ўдзеле ў наступальнай аперацыі. Па сутнасці, менавіта яна падняла полк у атаку.
У эцюдзе для будучай карціны жаночы вобраз адсутнічае. Увесці 17-гадовую дзяўчыну, для якой гэты бой апынуўся апошнім, было вырашана ўжо ў працэсе напісання палатна. І каб захаваць Варанцову, мастак змяніў мясцовасць - краявід, на якім разгортваюцца падзеі. Першапачаткова гэта было возера Нарач, у выніковым варыянце тэрыторыя на паўночным заходзе ад Пастаў.
Калі браць сучасную Беларусь, то Нарацкая наступальная аперацыя праходзіла на тэрыторыі 70 кіламетраў - ад Пастаў да возера Вішнёвага, ледзь ніжэй за Нарач. У сучасным Нарачанскім нацыянальным парку. І гэтае адзінае месца ў гісторыі ўсіх ваенных кампаній на тэрыторыі нашай зямлі, дзе адначасова вялі бой паўмільёна чалавек.













