Карціннай галерэі імя Валерыя Шкарубы - 5 гадоў

16 декабря 2020

Яго карціны выстаўляліся ў ЗША, Кітаі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Японіі і іншых краінах свету. Але самым каштоўным для майстра пейзажу было адкрыццё ўласнай карціннай галерэі. Сёлета выставачнай прасторы імя Валерыя Шкарубы пяць гадоў! На жаль, на першым юбілеі арт-прасторы ён ужо не прысутнічаў - жывапісца не стала менш чым месяц таму.

Калегі і прыхільнікі творчасці, землякі мастака сабраліся, каб нанова ўбачыць экспазіцыю чароўных пейзажаў, якія Валерый Шкаруба даверыў на захаванне малой радзіме. Шмат карцін падарыў Барысаву. Наталля Бардзілоўская працягне.

Столік з кветкамі і фота. На ўваходзе сам гаспадар моўчкі сустракае кожнага. Месца для сусвету сваіх карцін Шкаруба абіраў вельмі доўга: шукаў на малой радзіме залы з асаблівым напрамкам святла і каб знаходзіліся ў цэнтры горада. Пяць гадоў таму спыніўся на прасторы Барысаўскай бібліятэкі імя Каладзеева. Тут і бонус - гледачоў не трэба спецыяльна запрашаць, заўсёды наведвальнікі.

У трох рэкрэацыях - за тры дзясяткі палотнаў. Самае знакамітае - "Роздум". За яго Шкаруба атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі ў 2002-м. Апошні набытак галерэі - "Ля халоднай вады". Работа напісана летась.

Творы Шкарубы ведаюць і любяць за мяжой! Вось Алёна Любашэўская рассылае паштоўкі па ўсім свеце. Супрацоўніца бібліятэкі ініцыявала акцыю ў сацсетцы, умовы якой - проста выказаць пажаданне атрымаць міні-копію шкарубаўскага палатна.

Яго палюбілі, пэўна, за тое, што ніводны мастак не любіць цьмяныя восеньскія пейзажы. Час, калі прырода засынае - познюю восень, раннюю зіму - Шкаруба ўзвёў да гімна прыгажосці і філасофіі.

Памяць Валерыя Шкарубы ўшануюць пленэрам імя мастака. Творчы форум плануюць праводзіць у сярэдзіне кастрычніка. Таксама будзе выданы каталог твораў, якія размешчаны ў барысаўскай галерэі. Гэта 34 пейзажы.