"Калыханка" адзначае свой дзень нараджэння

4 февраля 2016

Яны жадаюць дабранач самым маленькім тэлегледачам на працягу 35 гадоў! Адзін з найстарэйшых праектаў беларускага тэлебачання - "Калыханка" - адзначае свой дзень нараджэння. У гонар свята любімыя персанажы дзіцячай перадачы сталі бліжэй да сваіх гледачоў. У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстава з казачных герояў першых выпускаў "Калыханкі". А гэта больш як 40 лялек - у тым ліку ліса Яна, Жураўлік, медзведзяня Топа і Сплюшык. Акрамя гэтага, з экспазыцыі можна даведацца аб гісторыі перадачы, убачыць рэдкія кадры са здымачнай пляцоўкі, касцюмы вядучых, а таксама малюнкі і лісты, якія дасылалі на праграму малыя. Аляксандра Драгун пазнала каханых персанажаў з "Калыханкі" свайго дзяцінства.

Мелодыя, якая неўзабаве збірае ўсю сям'ю перад тэлеэкранам. "Калыханка" 35 гадоў запар заахвочвае дзяцей і дарослых у падарожжа па казцы разам з любімымі героямі – лісічкай Янай, медзведзянём Топам і Маляванычам.

Па-матчынаму з пяшчотай расказвае аб "Калыханцы" Ніна Шоба. Менавіта яна стаяла ля вытокаў першай вячэрняй праграмы для дзяцей. Прызнаецца, і сёння кожны дзень глядзіць любімую і дарагую сэрцу перадачу, сочыць за змяненнямі і новымі героямі.

Хто стане новым героем "Калыханкі" - вырашаюць маленькія гледачы самі. З дзясятка прэтэндэнтаў на ролю Нянькі, Феі і Падарожніка дзеці выбіралі акцёраў, у чыім выкананні персанаж выклікае большы давер. Вызначылі малыя і новага казачнага героя – Янота. Хутка ён з'явіцца ў "Калыханцы", а пакуль для яго падбіраюць мянушку і шыюць убор.

Казачных персанажаў, на якіх вырасла не адно пакаленне маленькіх беларусаў, можна ўбачыць не толькі на блакітных экранах – на выставе. Гэта падарунак тэлегледачам да 35-га дня нараджэння. Больш за 40 персанажаў "Калыханкі", якія калісьці былі ў эфіры, зноў можна бачыць у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Алена Фурсава, шэф-рэдактар праграмы "Калыханка": "На ўрачыстым адкрыцці выставы - галоўныя героі са сваімі адданымі сябрамі – акцёрамі. У творчым тандэме некаторыя па некалькі дзесяцігоддзяў. Саміх артыстаў гледачы не пазнаюць вонкава, бо большую частку працы яны праводзяць пад сталом. Гэта прафесія не прадугледжвае гучнай славы, іх радасць у іншым".

Іна Ганчар, актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек: "Сярод любімых героеў "Калыханкі" - Дзед Барадзед. Гэты персанаж быў паўтара метра вышынёй, таму ігралі яго адразу тры акцёры. Апраналіся яны ў чорнае адзенне, і пры дапамозе спецыяльных тэхнічных фокусаў артысты станавіліся нябачнымі, а на экране заставаўся толькі жвавы дзядуля".

"Калыханка" - адзін з найстарэйшых праектаў Беларускага тэлебачання. У той жа час праграма застаецца заўсёды маладой, бо разлічана на дзіцячую аўдыторыю.

Кірыл Казакоў, генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі: "Сучасная "Калыханка" стала даўжэй на пяць хвілін і выходзіць цяпер у эфір штодзень у 20:40. На "Беларусь 3" вядучыя і казачныя персанажы жадаюць усім дабранач".