Якімі падзеямі запомніўся гэты тыдзень жыхарам Гомельскага рэгіёна

28 марта 2020
Вяснова-палявыя работы пад знакам бяспекі, дэбюты музычных праектаў і поўнаметражных стужак. Такімі падзеямі запомніўся гэты тыдзень жыхарам Гомельскага рэгіёна. Больш падрабязна аб гэтым у нашым традыцыйным дайджэсце. 

Расказвае Ганна Кавалёва.
На парадку дня - бяспечныя ўмовы працы. Ці створаны яны на сельгаспрадпрыемствах Гомельскай вобласці - праверылі пракуратура, прадстаўнікі прафсаюзаў і камітэт па працы. Ацэнку мабільных груп атрымалі пакоі адпачынку, бытавыя ўмовы, наяўнасць спецадзення, умовы захавання тэхнікі, угнаенняў і паліва. Дарэчы, зараз асаблівая увага - да культуры харчавання і выкарыстання супрацоўнікамі дрэс-кода. Напрыклад, у Добрушскім раёне камісіі выявілі каля 80 парушэнняў рознага характару. Асноўныя - адсутнасць спецадзення і не заўсёды задавальняючыя бытавыя ўмовы. Кожнае сельгаспрадпрыемства атрымала парады правесці працу над памылкамі. 
Дарэчы, зараз у Палескім рэгіёне аб'яўлены месячнік бяспекі. У яго рамках рэйдавыя камісіі завітаюць амаль на кожнае сельгаспрадпрыемства вобласці.

У Беларусі выйшаў першы поўнаметражны дакументальны фільм пра нацыянальную прыроду 

"Вялікі транзіт. Станцыя Тураўскі луг". У Беларусі выйшаў першы поўнаметражны дакументальны фільм пра нацыянальную прыроду, падрыхтаваны да паказу ў кінатэатрах. Стужка напоўненая ўнікальнымі здымкамі птушак, якіх аператары чакалі гадзінамі. Здымкі вяліся з ранняй вясны да позняй восені на заліўным лузе Прыпяці. Менавіта там падчас міграцыі спыняюцца сотні тысяч кулікоў і качак, каб адпачыць ад доўгага пералёту і працягнуць шлях на поўнач. У маі там адначасова знаходзіцца каля 300 тысяч птушак. Больш за 10 гадоў грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» арандуе луг і прыкладае ўсе намаганні, каб яго захаваць. Стужка адкрыла цыкл з дзесяці дакументальных карцін пра дзікую прыроду Беларусі.
 

Гомельскія музыканты прадставілі незвычайны праект "Сімфасакс"

Гэта музычная праграма, у якой спалучылі разнастайныя стылявыя напрамкі - ад класічнай да папулярнай джазавай музыкі. Салістам праграмы выступіў Віталь Ямуцееў, які іграе на ўсіх разнавіднасцях саксафона. Артыст на працягу доўгіх гадоў уваходзіў у склад лепшага айчыннага джазавага калектыву Аpple Tea і з'яўляецца аўтарам арыгінальных твораў і аранжыровак сусветных джазавых кампазіцый. 
Дэбют адбыўся пад кіраўніцтвам дырыжораў Мурада Асуіла і Уладзіміра Мілюціна.