Якiмi культурнымі падзеямі быў насычаны гэты тыдзень?

13 ноября 2020

Алейны жывапіс, акварэль і графічныя творы педагогаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў прэзентавалі ў галерэі "Універсітэт культуры". А ў Нацыянальнай бібліятэцы выставачны праект, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і аўтара першай нацыянальнай оперы для дзяцей Рыгора Пуксты.
Якiмi культурнымі падзеямі быў насычаны гэты тыдзень, на што яшчэ паспеюць трапіць эстэты - раскажа Дар'я Тарасава ў нашай рубрыцы "Праменад".

Тэатр імя Горкага падняў заслону

Мяркуючы па адмененых спектаклях, эпiдпаўза доўжылася больш за месяц. Праўда, дыялог з гледачом трупа часова вядзе з пляцоўкі Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. У Рускiм абнаўляюць інтэр'еры.
Адразу пасля вымушанага перапынку далі "Пані Каханку". Усяго ў лістападаўскай афішы заяўлены 9 спектакляў. Гледачам пакажуць пастаноўкі "Эдып", "Дванаццатая ноч" і Viva commedia!. Паралельна вядзецца работа над прэм'ерным паказам, праўда, пакуль анлайн. Візуалiзацыя "Трамвая "Жаданне" па п’есе Уільямса за рэжысёрам Валянцінай Ераньковай.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў заклікае эстэтаў паглядзець работы адной з творчых беларускіх дынастый

"Рукапісы гараць". І гэта не адсылка да рэплікі з рамана Булгакава. Ёмістай назвай Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў заклікае эстэтаў паглядзець работы адной з творчых беларускіх дынастый. Што атрымліваецца, калі любоў да мастацтва перадаецца з пакалення ў пакаленне? Глядзець на Някрасава, 3.
Выставачную залу дзеляць творы Ігара Кашкурэвіча і яго жонкі, мастачкі і паэтэсы Алены Шыдлоўскай. Выпускнiца Глебаўкі актыўна пісала ў 70-я і сваімі работамі ў авангарднай манеры апярэджвала час, а вось выпусціць аўтарскі зборнік, на жаль, не паспела, рана пайшла з жыцця. Але, здаецца, здольнасці перадаюцца. На выставе экспануюцца работы спадчынніцы творчага тандэму Агніі, якая займаецца графікай, мастацкай здымкай і афармленнем выданняў.

Чулі што-небудзь пра вітамінны жывапіс?

Нацыянальны мастацкі адкрывае імёны маладых аўтараў і прапануе ўзняць імунітэт без медыкаментаў, затое праз фуд-арт. Палотны з апетытнымi героямі вы паспееце паглядзець да студзеня.
Арт-кафэ прымае некласічныя нацюрморты. Як правіла, у такіх малюнках выкарыстоўваюцца некалькі прадметаў, а ў творах Дар'і Карпавай фокус на адным аб'екце. Пасля экспанавання палатно аўтара папоўніць фондавую калекцыю. Адборам зоймуцца музейныя спецыялісты.
У асноўным залы Нацыянальнага мастацкага анфіладныя, яны звязаны тэматычна. Пашырыць палітру выставачных праектаў сучасных мастакоў плануюць з адкрыццём корпуса на Карла Маркса. Вядома, там з'явяцца незалежныя залы.

Пятніца, 13 - нагода перагледзець карцiну аскараноснага Федэрыка Фелiнi

У афiшы "Ракеты" - "Восем з паловай тыдняў". Фiльм, якi падарыў свету слова "папарацы". Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навiнамi ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.