Як правесці выхадныя цікава. Рубрыка "Праменад"

10 августа 2018

Вечар пятніцы - час для праменаду. Афіша на выхадныя даволі насычаная. У Лошыцкім парку пройдзе музычны фестываль. Можна паслухаць і класіку ля ратушы. Аматары мастацтва могуць наведаць выставу, прысвечаную малой радзіме. Падрабязна - Ларыса Гулякевіч.

У Год малой радзімы кожны імкнецца асабіста прадэманстраваць пачуцці да свайго краю. Выстава пад назвай "Тут радзімы маёй пачатак" мастака з Жодзіна Мікалая Шышлова адкрылася ў галерэі "Універсітэт культуры".

Мікалай Шышлоў зрабіў падарунак свайму роднаму гораду Жодзіна на 55-годдзе. Выстава - шматгадовы вынік творчасці. Шышлоў - мастак шырокага профілю: графік, жывапісец, кераміст, аўтар карыкатур і малюнкаў. Асноўная тэма яго акварэльных пейзажаў, каларытных жывапісных палотнаў і манументальных керамічных кампазіцый - Беларусь, пейзажы роднага Жодзіна, вядомыя з дзяцінства.

Заплануйце ў суботу наведаць Лошыцкі парк, тут у фармаце open-air музычны фестываль з фуд-кортам увесь дзень. А замежным хедлайнерам будзе брытанская спявачка Сафі Эліс-Бэкстар.

Уваход на фестываль вольны. Ён пачнецца днём у Лошыцкім парку і абяцае завершыцца не раней за 11 вечара. Акрамя спартыўных конкурсаў і інтэлектуальных гульняў, на тэрыторыі парку размесціцца дзіцячы гарадок. А на сцэне выступяць беларускія і замежныя артысты.

Сярод іх брытанская зорка Сафі Эліс-Бэкстар. Спявачка, кампазітар і мама чатырох сыноў.

У праграме суботняга вечара "Класіка ля ратушы" музычная капэла "Санорус" прапануе канцэрт "Ад барока да сучаснасці". Музыка, якая будзе гучаць на канцэрце, ахоплівае чатыры стагоддзі і складаецца з твораў Вівальдзі, Моцарта і П'яцолы.

Музычная капэла "Санорус" аб'яднае пад творчым дахам камерны хор, аркестр і групу салістаў. У такім складзе існавалі калектывы ў 17-18 стагоддзях. У рэпертуары "Саноруса" больш за 700 твораў розных эпох і жанраў. Лепшыя з іх прагучаць на канцэрце гарадскога праекта "Класіка ля ратушы". Напярэдадні суботняга канцэрта штодзень праводзяцца рэпетыцыі.

Нагадаю, што суботнія вечары "Класіка ля ратушы" працягнуцца да канца жніўня. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.