Як падабраць ключык да дзіцячай душы праз старонкі казак? Свет адзначае Дзень дзіцячай кнігі

2 апреля 2019

Дзень дзіцячай кнігі сёння адзначаюць ва ўсім свеце. Дата выбраная невыпадкова: 2 красавіка нарадзіўся вялікі пісьменнік-казачнік Ганс Хрысціян Андэрсен. Наша краіна таксама можа пахваліцца імёнамі аўтараў, якія ствараюць сапраўдныя шэдэўры дзіцячай літаратуры. Гэта і сучаснікі, і ўжо легенды кніжнага мастацтва. Іх творы з пашанай захоўваюцца ў галоўнай чытальні краіны - Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пра тых, хто піша, і пра тых, хто чытае, - рэпартаж Святланы Чарновай.

Дэкламаваць вершы, з пачуццём і артыстычна, для гэтай дзяўчынкі - задавальненне. Зрэшты, як і чытаць кнігі. Яна вывучыла алфавіт да года, а сваю першую казку прачытала ў тры. І ўжо сёння ў багажы літаратурных дасягненняў другакласніцы з Брэста Дар'і Скамарошчанкі больш за трыста твораў з пазнакай "засвоена".

У хатняй бібліятэцы – самыя розныя кніжныя творы. Дарэчы, мама Кацярына вядзе блог з рэцэнзіямі на дзіцячыя выданні і сама спрабуе свае сілы ў пісьменніцтве. Распавядае, каб дзеці любілі чытаць, трэба ўсяго толькі выконваць няхітрыя правілы.

Кацярына Таберка, мама Дар’і: "Бібліятэка павінна быць вялікай і даступнай дзіцяці з ранніх гадоў. Бацькі, якія чытаюць, асабісты прыклад, каб дзіця бачыла вас з кнігай у руцэ. І трэцяе - гэта можа быць нейкае чараўніцтва".

Пра тое, як падабраць ключык да дзіцячай душы праз старонкі чароўных казак, ужо напэўна ведае пісьменніца Надзея Ясмінска. "Касматае сэрца", "Чаму Меша не мае хаты", "Пацеркі і кроплі" - на рахунку аўтара дванаццаць выданняў на беларускай і рускай мовах. 

Надзея Ясмінска, дзіцячы пісьменнік: "Трэба, першым чынам, захоўваць дзіця ў душы, гэта значыць, з задавальненнем чытаць дзіцячыя гісторыі, кніжкі, глядзець фільмы, спектаклі, але яшчэ як рэцэпт дзіцячага аўтара - гэта прымячаць цудоўнае ў простым".

З двухмернай прасторы героі літаратурных сюжэтаў Надзеі Ясмінска не раз ажывалі на сцэне Камернага драматычнага тэатра ў Мінску, Амурскага тэатра драмы ў Благавешчанску і ў Доме культуры Мурманскай вобласці. 

Вядома, такой шматграннай дзіцячая літаратура была не заўсёды. Выданні, арыентаваныя менавіта на маленькіх і юных чытачоў, сталі з'яўляцца толькі ў XVIII-XIX стагоддзях. 

Гэтае выданне прыйшло да нас з XIX стагоддзя. Кнігу Жуля Верна "Вакол свету за 80 дзён" у арыгінале на французскай у дзяцінстве чытаў сам Ежы Радзівіл - вядомая асоба дынастыі, адзін з уладальнікаў Нясвіжскага замка. Пра гэта гаворыць унікальны экслібрыс - спецыяльны знак, які пацвярджае асобу гаспадара кнігі. У гэтым выпадку гэта налепка з фамільным гербам Радзівілаў.

І гэта не адзінае ўнікальнае дзіцячае выданне, якім можа пахваліцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Тут можна пазнаёміцца з эксклюзіўнымі кніжкамі Язэпа Дылы 30-х гадоў, казкамі Андэрсена, Кіплінга і раманамі Майн Рыда прыкладна таго ж перыяду ў перакладзе на беларускую мову. А яшчэ ўбачыць рэдкі экзэмпляр 1761 года "Дзіцячае вучылішча, або Павучальныя гутаркі паміж разумнаю настаўніцаю і шматлікімі шляхетнымі вучаніцамі". Дарэчы, у галоўнай чытальні краіны сёння захоўваецца больш за 12 000 дзіцячых кніг! Кніг са сваёй гісторыяй, сваім чытачом і, без сумнення, сваёй місіяй у жыцці кожнага маленькага беларуса.