Да вясновага свята - у Мінску выстава з філасофскім сэнсам

1 марта 2017

Мары, пачуцці, пяшчота і прыгажосць... у лямцы! Да вясновага свята ў Мінску - выстава з філасофскім сэнсам. «Што ў галаве жанчыны?». Разважалі над такой тэмай 25 мастачак з Беларусі, Швецыі, Польшчы, Латвіі і Славеніі.

Каб выказаць свае думкі, усе яны выкарыстоўвалі адзін матэрыял - лямец. Атрыманыя мастацкія вобразы сімвалізуюць не толькі каханне і вясну, але і жаночыя аксэсуары.

Расказвае Аляксандра Драгун.

Лямцавае мастацтва для яе пачалося… з морквы. Брошка ў выглядзе аранжавага караняплода натхніла Ганну Каралёву на стварэнне ўласнай калекцыі з воўны. З таго часу - ужо чатыры гады - у мастачкі разам з палотнамі і алеем у якасці творчага інструмента - тэкстыль.

Сакавітая садавіна і экзатычныя кветкі, дэкараваныя пацеркамі або бісерам. Літаральна за 20 хвілін у руках майстра празрыстыя лямцавыя пласціны становяцца аб'ёмнымі пладамі. Бадай, самы папулярны лямцавы аксэсуар Ганны Каралёвай - пузаты гранат.

З воўны Ганна вырабляе адзенне, рукавіцы, сумачкі. Аб'ёмы не мас-маркета – займаецца творчасцю для душы ў кампаніі са сваім лепшым сябрам. Плюшавы Зяма і сам быццам з чорнага лямцу. Рукадзелле і шматлікія захапленні натхняюць і на добрыя справы.

Сваёй творчасцю Ганна Каралёва падтрымлівае розныя дабрачынныя праекты. У прыватнасці, рыхтуе казачных герояў з лямцу для лялечнага тэатра і дае майстар-класы па выяўленчым мастацтве для хворых дзяцей і іх бацькоў.

Лямцавыя ўпрыгажэнні - як арт-аб'ект. Аўтарскія сэрцы прыйшліся дарэчы не на вопратцы ў якасці аксэсуара – на выставе, прысвечанай каханню, вясне і прыгожай палове. Ганна Каралёва падрыхтавала адразу чатыры экспанаты, аздобленыя драўлянымі бусінамі і бісерам.

«Што ў жаночай галаве?»… Над філасофскай тэмай разважала Ганна Каралёва пры дапамозе лямцу. Як і яшчэ 25 мастачак з Беларусі, Швецыі, Польшчы, Латвіі і Славеніі.

Убачыць жаночы свет вачыма саміх жа жанчын прапануюць да 11 сакавіка ў цэнтры сучасных мастацтваў.