Да свята Першы нацыянальны канал радыё падрыхтаваў радыёспектакль пра Якуба Коласа

7 мая 2013

Беларусь сёння адзначае Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Развіццё электронных СМІ стала магчымым дзякуючы Аляксандру Папову. 7 мая 1895 года ён прадэманстраваў свету радыёпрыёмнік.  Праз 30 гадоў пачалася гісторыя Беларускага радыё. А ў 1956-м выйшла ў эфір Беларускае тэлебачанне. Сёння ў нашай краіне адраджаюцца старыя традыцыі. Да свята Першы нацыянальны канал радыё падрыхтаваў радыёспектакль, прысвечаны Якубу Коласу.

Расказвае Ларыса Гулякевіч.


Радыёспектаклі ў савецкія часы былі вельмі папулярныя. Іх чакалі, збіраліся ўсёй сям’ёй каля радыёкропкі. Зараз тэлебачанне, Інтэрнэт і мабільная сувязь занялі сваё месца ў інфармацыйнай прасторы, але радыё не выцеснілі. Часам менавіта радыё ў аўтамабілі ці на адпачынку далёка ад цывілізацыі дае магчымасць атрымаць неабходную інфармацыю: навіны, музыка, размовы, інтэрв'ю.


Аднаўляецца забыты літаратурна-тэатральны жанр - радыёспектакль, які быў традыцыяй усе 87 гадоў існавання Беларускага радыё. Удзельнікі радыёпастаноўкі паводле п'есы беларускага драматурга Георгія Марчука сабраліся на сустрэчу з ліцэістамі БДУ, будучымі філолагамі і журналістамі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.


У радыёспектаклі Адгукніся, браце!, дзе ўдзельнічалі артысты з пяці беларускіх тэатраў,  - сцэны з жыцця маладога Коласа, гады яго станаўлення  як нацыянальнага героя і творчай асобы. Тут гучаць вершы з першага паэтычнага зборніка Песні-жальбы і фрагменты паэм Сымон-музыка і Новая зямля, якія, дарэчы, Колас напісаў, знаходзячыся за кратамі.  Голас народнага паэта ў радыёспектаклі належыць артысту Купалаўскага тэатра Андрэю Кавальчуку.


Усе вядомыя на сённяшні дзень сродкі сувязі запатрабаваныя, заўтра, магчыма, прыдумаюць новыя, але радыё, тэлебачанне доўга застануцца з намі.