Да 145-годдзя Фердынанда Рушчыца заснавалі музейную экспазіцыю

16 декабря 2015

Беларускі мастак, чыё імя яшчэ ў 19 стагоддзі ўскалыхнула мастацкі свет Еўропы. Выставы Фердынанда Рушчыца праходзілі ў Пецярбургу, Маскве, Парыжы. У Францыі мастак з невялікага сяла Багданава на Валожыншчыне быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна за ўклад у развіццё культуры. Да 145-годдзя майстра на яго радзіме заснавалі музейную экспазіцыю. Больш падрабязна - Алена Борматава.

«Ля касцёла» - адзіная работа Рушчыца ў дзяржаўных фондах Беларусі. Копію карціны, створаную студэнтамі Акадэміі мастацтваў, перадалі ў новую галерэю Рушчыца, якую адкрылі на радзіме мастака - у Багданаве. Дарэчы, тут яна і была напісаная. Толькі касцёл зараз новы. Той быў спалены ў 1944 годзе.

Дарэчы, копіі палатна Рушчыца сёння можна ўбачыць у кожнай установе Багданава. Нават у касцёле яна вісіць побач са святымі абразамі. Аснову новай музейнай экспазіцыі склалі работы беларускіх мастакоў, якія пару месяцаў таму былі напісаны на пленэры ў Багданаве. Сваім Рушчыца лічаць у многіх краінах свету. У Пецярбургу ён вучыўся, папулярызаваў мастацтва у Францыі - арганізаваў першую выставу выхадцаў з сучасных беларускіх зямель у Grand Palais Парыжа, за што атрымаў ордэн ганаровага легіёна. Выкладаў у Варшаве і Кракаве. Пакідае кар'еру і ўязджае на радзіму - у Багданава. І тут яго не стане.

Краявіды Багданава - невялікага мястэчка ў Валожынскім раёне - сёння можна ўбачыць у экспазіцыях многіх музеяў свету. А пейзажы, напісаныя тут, на сусветна вядомых аўкцыёнах прадаюцца за дзясяткі тысяч долараў. Справа ў тым, што ў Багданаве жыў і пісаў Фердынанд Рушчыц - мастак - вучань Шышкіна і Куінджы - выпускнік імператарскай Акадэміі мастацтваў.

Амаль усе знакавыя палотны Рушчыц ствараў у Багданаве – сваёй сядзібе. Нават калі мастак не мог пісаць правай рукой, ствараў палотны левай. Сёння ад сядзібы засталіся толькі падмуркі, і яны ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Засталіся старыя дрэвы, пасаджаныя самім Рушчыцам, і якія не аднойчы з'яўляліся на яго работах.

Да 150-годдзя мастака плануецца не толькі аднаўленне сядзібы і добраўпарадкаванне сямейных могілак Рушчыцаў. Ідзе работа па ўнясенні імя Рушчыца ў каляндар знакамітых падзей ЮНЕСКА. Але галоўнае - арганізаваць выставу твораў мастака з фондаў музеяў Літвы, Польшчы, Украіны з экспанаваннем у Беларусі.