Да 100-годдзя са дня нараджэння Сяргея Селіханава - персанальная выстава майстра

27 марта 2017

Да 100-годдзя са дня нараджэння народнага мастака БССР Сяргея Селіханава Нацыянальны мастацкі музей прэзентаваў персанальную выставу майстра. Дзясяткі прац са сваіх фондаў, сямейнага архіва і з іншых музейных сховішчаў сабралі ў дзвюх залах. Напрыклад, Музей Вялікай Айчыннай вайны пазычыў на час статую піянера-падпольшчыка, юнага героя Валодзі Шчарбацэвіча. Падрабязнасці аб вернісажы - у Вольгі Мядзведзь.

Пад гэтую скульптуру нават у самай галоўнай скарбніцы прыгожага не знайшлося спецыяльнай тумбы. Шэдэўр больш чым у паўтоны раней не экспанаваўся, хіба што толькі адразу пасля свайго стварэння. Партрэт Яна Фабрыцыуса ў граніце - свайго роду эксклюзіў, яго няма ні ў адным з каталогаў, ды і з гэтым матэрыялам Сяргей Селіханаў больш не працаваў.

Замалёўкі на кардоне алеем - яшчэ адна грань Сяргея Селіханава. Мала хто ведае, вышэйшую адукацыю ён атрымаў як жывапісец. На выставе эцюды з творчай паездкі ў Кітай. Тады скульптар наведаў самыя буйныя гарады краіны і маментальна адлюстраваў іх. Асобнае месца займаюць і скульптуры з гэтага падарожжа. Героямі яго прац сталі не толькі выбітныя асобы, але і простыя жыхары правінцый.

Адзін з самых запамінальных праектаў, які не змясціўся б у арт-прасторы - «Непакораны чалавек» ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». На персанальнай выставе адразу тры мініяцюрныя копіі помніка: у гіпсе, эскіз памерам з далонь і фотаздымак самой скульптуры. На час з пастаяннай экспазіцыі Музей Вялікай Айчыннай вайны пазычыў статую піянера-падпольшчыка, юнага героя Валодзі Шчарбацэвіча.

Вядомы ўсім па манументальных скульптурах на тэму Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Селіханаў шукаў сябе і як партрэтыст. Першыя спробы працы з алоўкам былі падчас ваенных дзеянняў - натуршчыкамі сталі аднапалчане. Да гэтага жанру ён вярнуўся зноў толькі ў 50-ых.

З прычыны абмежаванай прасторы на выставе змясціўся ўсяго адзін намаляваны партрэт - дачкі Сяргея Селіханава. Астатнія ў скульптурным выглядзе. Напрыклад, помнік Якубу Коласу. Менавіта яго мы маглі б бачыць на аднайменнай плошчы і сёння, аднак праект Селіханава заняў толькі трэцяе месца ў конкурсе.