Конскія выявы ад XVII стагоддзя да сённяшніх дзён

19 июня 2018

Ля Нацыянальнага мастацкага музея ўжо не першы дзень пасвіцца… конь. Трохметровы скакун, аздоблены стужкамі і з залатой падковай. Арт-аб'ект - арыгінальнае запрашэнне на выставу, якая адкрылася ў галоўным музеі краіны. Два паверхі экспазіцыйных залаў тут прысвечаны велічнай жывёле - адной з самых любімых мадэляў мастакоў усіх часоў і народаў. Наталля Бардзілоўская пабывала на вернісажы. 

Вядомы ў Беларусі конезнаўца-мастак Ігар Бархаткоў - не толькі піша высакародных жывёл, але ва ўласнай сядзібе мае цэлую конскую сям'ю. Як і прырода, конь - калісьці стаў той музай, якая яго, карэннага гараджаніна, натхніла пераехаць жыць у вёску.

Коні Шчамялёва, Ліўшыца, Бандарэнкі - у экспазіцыю з двухсот твораў увайшлі работы беларускіх мастакоў розных пакаленняў. Таксама - палотны і скульптуры рускіх, украінскіх і польскіх майстроў.

Анімалістычная выстава, прысвечаная коням, - міжнародны праект. Ён аб'яднаў экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і прадметы з музея Бяла-Падляска. Польскія музейшчыкі з Паўднёвага Падляшша валодаюць найбагацейшай у краіне калекцыяй - за тры тысячы экспанатаў. У Мінск яны прывезлі жывапіс, графіку і іканапіс, прысвечаныя "коннай" тэматыцы.

У Янава-Падляшшы не першы год праходзіць міжнародны пленэр, прысвечаны коням. Па яго выніках удзельнікі і пераможцы, творцы з розных краін дораць свае работы мясцоваму музею. Уяўляеце, якую калекцыю за дзесяцігоддзі атрымалася сабраць?! У Беларусь з Польшчы прывезлі паказаць толькі частку назапашанага збору. Конскія выявы - ад 17 стагоддзя да сённяшніх дзён. У жанрах батальных сцэн, партрэта і пейзажа. У напрамках ад класіцызму да маньерызму і авангардызму.

Самы незвычайны конь - на ўваходзе ў музей. Трохметровы са спецыяльнага пластыку арт-аб'ект - работа Сяргея Бандарэнкі, аўтара сотняў каменных і бронзавых коней, скульптурных брэндаў Мінска і іншых гарадоў.

Убачыць выставу, прысвечаную коням, можна да канца лета. У планах айчынных музейшчыкаў - працягнуць анімалістычную тэму і сабраць экспазіцыі, прысвечаная каровам і сабакам.