Івянец заўтра напоўніцца "Гліняным звонам"

8 июля 2016

Выраб посуду на хуткасць, майстар-класы ад народных умельцаў, выстава керамічных шэдэўраў. Ганчары цэнтральнага рэгіёна рыхтуюцца да самага маштабнага пленэра па кераміцы. Заўтра Івянец напоўніцца «Гліняным звонам». Свята народнага рамяства аб'яднае больш за 9 дзясяткаў умельцаў.

У майстэрні пад адкрытым небам дынастыі і рамеснікі-пачаткоўцы будуць працаваць над конкурснымі заданнямі. Аляксандра Драгун даведалася, як рыхтуюцца да прэстыжнага спаборніцтва майстры ганчарнай справы.

Гэты Дом рамёстваў накшталт куфра з народным багаццем. Асноўны скарб - творчая спадчына жыхароў Лагойска. Ад мудрагелістых завіткоў вышыўкі да гліняных распісных збаноў. Тут не даюць адысці ў небыццё аўтэнтычным узорам і тэхнікам.

Лагойскія майстры глінянай пластыкі славяцца на ўсю Мінскую вобласць. Іван Раманчук - з дынастыі ганчароў. За дзве хвіліны ператварае кружок гліны ў страйнюткі гладыш для малака. Зараз народны майстар Беларусі можа нават без фартуха працаваць з сыравінай для керамічных вырабаў - гліна ў яго руках становіцца рахманай - не выходзіць за межы кола.

У профіль і ў фас аўтарскія вырабы Івана Раманчука бездакорныя. Шырыня сценак збаноў быццам вымерана лінейкай. Пузатыя гаршчкі, распісныя кубкі, вазы рознай камплекцыі прывязе з сабой на фестываль «Гліняны звон». Ужо заўтра ў Івянцы загудуць ганчарныя колы і амаль сотня народных умельцаў збярэцца на керамічны пленэр.

Дом рамёстваў пабудавалі акурат да фестывалю «Гліняны звон» 18 гадоў таму. Тады фэст народных умельцаў праходзіў на Лагойскай зямлі. З той пары пры творчай майстэрні сталі праводзіць заняткі па ручной лепцы. Па натхненне сюды прыходзяць дзеці розных узростаў. Вучацца працаваць з матэрыялам і рабіць сувеніры.

Вікторыя Кулікоўская раней сама была ў радах слухачоў - вучылася майстэрству ў сённяшніх сваіх калег. Апошнія тры месяцы малады спецыяліст кіруе народным калектывам. Для тых, хто цікавіцца рамяством прадзедаў, у Івянцы на пленэры правядуць майстар-класы народныя майстры Беларусі, пачаткоўцам дазволяць сесці за ганчарны станок.

Пасёлак Івянец, што ў Валожынскім раёне, называюць сталіцай ганчарнай справы Мінскай вобласці. Штогод сюды з'язджаюцца дынастыі рамеснікаў, сямейныя калектывы, дэбютанты. Адны - каб падзяліцца вопытам, другія - каб пераняць яго і працягваць традыцыі ганчарнага рамяства.